Частка 3
Я не чакаў такога аб’ему новай інфармацыі і ўпершыню даведаўся, што асноўны (і як аказалася адзіны) на бліжэйшыя некалькі месяцаў накірунак нашай працы з сапагом будзе навясны агонь аскепкавымі снарадамі па варожым цэлям на адлегласьці да 4,5 км.
А для гэтага трэба было разабрацца ў самым складаным – прыцэле асобнай наводкі і іншых “хітрыках” прывязкі сапага да мясцовасьці і налаштоўках у “Крапіве”.
Ногі пачалі мерзнуть, а навуцы не было бачна краю.
Я папрасіў Г(ідру) не распавядаць без мяне нічога важнага і хуценька пайшоў у бок нашага падвала за абуткам.
У падвале я зачапіўся языком з Р(овам), які быў з пяцеркі Ваўкалака.
– Мы там сапог вывучаем. Пайшлі хоць паглядзіш што гэта такое! – заклікаў я яго мімаходам.
Р(оў) не быў заняты і з легкасьцю пагадзіўся. Вярнуліся да сапага мы ўжо ўдваіх.
Навучанне працягвалася.
Дзесьці за сценамі нашага памяшкання прагрымеў разрыў снарада.
Ен разарваўся метрах у 200 ад нас. Мы не лічым такія прылеты блізкімі і таму, звычайна не звяртаем на іх увагі.
Р(оў) жа навастрыў вушы (і меў рацыю ў гэтым!)
– Хлопцы, может спустимся в подвал на некоторое время? – прапанаваў ен.
Ніхто не звярнуў увагі на ягоныя словы.
Г(ідра) працягваў паказваць нам як правільна карыстацца прыцэлам сапага.
У сотне-другой метраў ад нас зноў разарваўся расейскі снарад.
Р(оў), нешта прамармытаўшы сабе пад нос, накіраваўся ў бок падвала.
Мы нават асабліва і не звярнулі ўвагу на ягоны сыход. Яму не абавязкова было вывучаць сапог – яго задачы іншыя падчас боя – штурм расейскіх пазіцый і прыкрыцце нашых разлікаў.
Бобр і Воскар засталіся каля сапага вошкацца з прыцэлам.
Я, Ваяр і Д(жон) перайшлі на некалькі метраў у бок да яшчыка са снарадамі. Тут Г(ідра) паказваў і расказваў нам што з сябе ўяўляе снарад да сапага.
Апошняе, што сфатаграфавалася ў маей памяці з першага навучання з сапагом, – гэта Г(ідра), які стаяў з іншага боку яшчыка і трымаў у руках снарад-міну. Яе абільна змазаны салідолам хваставік быў яшчэ ў паліэтыленавай упакоўцы.
Пасля ў нас прыляцеў расейскі снарад.