*СПГ-9. Практыка ў Бахмуце пад кіраўніцтвам Г(ідры)*(аповед 7)Частка 2 (тэхнічна нудная)27 снежня 20…

*СПГ-9. Практыка ў Бахмуце пад кіраўніцтвам Г(ідры)*
(аповед 7)
Частка 2 (тэхнічна нудная)

27 снежня 2022-га. Бахмут.
Распавяду больш падрабязна пра падрыхтоўку пазіцыі для сапага.

Гэта важная частка нашай працы. Плануючы яе лепш адвесьці цэлы дзень, бо выбар можа зацягнуцца – не кожная лакацыя можа падыйсьці для яе.

Пры выбары пазіцыі неабходна ўлічваць і ведаць некалькі асноўных момантаў:

– ведаць прыкладныя каардынаты цэляў, якія трэба ўразіць;
– на месцы праверыць ці дазваляе вышыня аб’ектаў перакінуць снарад праз іх у абраным накірунку па цэлі;
– як мага дакладней прывязаць месца ўстаноўкі сапага да GPS-каардынаты на мясцовасьці (пажаданая пагрэшнасьць не больш за 1,5м);
– знайсьці ў зоне бачнасьці строга вертыкальны арыентыр на адлегласьці не бліжэй за 300м-500м – чым далей – тым лепш. І таксама прывязаць яго да GPS-каардынаты мясцовасьці. (Тэарытычна арыентырам можа стаць і вертыкальна ўкапаная палка ў 10м ад сапага, але пры гэтым дакладнасьць стрэлаў рэзка паменшыцца і асноўная надзея будзе толькі на добрага карэктыроўшчыка агню).
– наяўнасьць надзейнага ўкрыцця, якое зберажэ разлік сапага ад зваротнага агню ворага;
– наяўнасьць (пажадана) перашкоды паміж намі і ворагам. Яна павінна быць такой, каб перакінуць снарад. Галоўны сэнс – выключыць магчымасьць ворагу ўразіць разлік сапага стрэлам прамой наводкай (напрыклад з танку) а таксама дадаткова схаваць пазіцыю ад выкрыцця варожым дронам;

Вельмі часта бывае так, што загаддзя абраная пазіцыя на мапе аказваецца зусім не прыдатнай для працы на мясцовасьці.

Менавіта таму на рэкагнасцыроўку пазіцыі мы заўседы фізічна бралі з сабой сапог і ўсталеўвалі яго, каб разумець на 100 адсоткаў ці магчыма з яго працаваць і які сектар варожых пазіцый будзе ахопліваць наш агонь.

(На фота: 28.12.2022-га, Бахмут, пазіцыя сапага Г(ідра)-1)