Далей пайшла больш пашкоджаная частка сяла: дом №66, тарэц якога пашкоджаны прылётам. На запусцелым …

Далей пайшла больш пашкоджаная частка сяла: дом №66, тарэц якога пашкоджаны прылётам.

На запусцелым участку аднаго з дамоў, напалову схавана паваленым драўляным плотам, надмагілле жаўнера савецкай арміі часоў другой сусветнай вайны: на адзіночным блакітным абеліску – срэбная зорка.

Далей – брама з таблічкай з папярэджаннем на ёй ад імя сабакі: “Добегу до забора за 2 сек, а ты?”

“Живуть люди. 05.04.2023”.

Між наступнымі дамамі размясціліся цэлыя могілкі. Адметнасьць іх у тым, што палова надмагілляў выканана з метала, пафарбаванага ў блакітны альбо срэбны колер. Крыжы на іх – праваслаўныя. Са зваранага металічнага прута. Трапляюцца, у перамешку, надмагіллі з мрамарнай крошкі. Такія былі папулярнымі ў Беларусі гады этак у 1980-я.

Вялізарная лужына пасярод дарогі.

У хмызняку насупраць жылых хат, заселеных ЗСУ-шнікамі, схаваліся два танкі. Я іх не фатаграфую з двух прычынаў: каб не прыцягваць да сябе падазрэнняў і каб не падставіць пад удар хлопцаў і тэхніку, калі мой тэлефон нейкім непажаданым для мяне чынам апынецца ў руках ворага.

На ўжо зялёным травяным дыване адкрытай дзіцячай пляцоўцы вылучаюцца чорным колерам неглыбокія варонкі ад прылётаў расейскіх мін. Сляды аскепкаў бачны на рэштках металёвай канструкцыі дзіцячай горкі. Бетонны слуп “чортава брама” стаіць адной сваёй нагой у паветры. Яна перабіта аскепкамі. Укапаныя ў зямлю рознакаляровыя аўтамабільныя пакрышкі выглядаюць больш-менш ацалелымі.

Іду далей. Зіяюць пустотамі шыферныя дахі дамоў. Узрыйной хваляй выбіты шыбы. Рама ў адным з вокнаў, невядома на чым трымаючыся, стаіць пад кутом 45 градусаў. Быццам у раздум’і: “пастаяць яшчэ крыху ці канчаткова рухнуць на двор?”. Бетонны электрычны слуп са сваёй сярэдзіны трымаецца толькі на чатырох “нітках” жалезнай арматуры. Бетон у гэтым месцы раструшчаны аскепкамі.

Ад жылога дома засталіся раструшчаныя ашмёткі з перамешанага дрэва, метала, тканіны, шыфера. На ацалелай, прашытай рознай велічыні аскепкамі, адной палове брамы яшчэ бачны надпіс чорным маркерам: “Занято. 153 бат.” Над надпісам вялікая выходная адтуліна: аскепак прабіў драўляную абшыўку астова брамы і ператварыў металічны ліст абшыўкі ў гэтым месцы ў пялёсткі прыгожай кветкі.

Раскромсаны астоў сіняга аўтамабіля на падворку такога ж пакромсанага прылётамі дома. Ад плота застаўся адзін ледзь жывы пралёт з дзвюх шырокіх драўляных папярэчын і кавалкаў шыфера на іх. Газавая труба, якая ідзе над лініяй плота праз усю вёску ў гэтым месцы даўно не фарбавалася і ўся пакрыта рудой іржой.

У цэнтры вёскі за адміністрацыйным будынкам між блакітных елак стаіць помнік савецкаму жаўнеру-“вызваліцелю”. Ён без каскі – трымае яе ў левай руцэ. На шыі вісіць аўтамат. Правая рука ператварылася ў кульцю. Савецкая зорка і бетонныя барэльефы сцягоў паабапал надпіса “Вечная слава героям…” пафарбаваны ў колеры нацыянальнага ўкраінскага сцяга – жоўта-блакітныя. Шэрая фарба адшалушваецца ад бетона. Пляцоўка перад помнікам раней была пакрыта тратуарнай пліткай але цяжкая бронетэхніка паламала яе і ператварыла у гразь….