Каля помніка пралегла скрыжаванне дарог. За маёй спіной быў шлях па якому я прыйшоў. Налева ішоў мой…

Каля помніка пралегла скрыжаванне дарог. За маёй спіной быў шлях па якому я прыйшоў. Налева ішоў мой прамакутны маршрут да нашага дому. Направа – дарога на фронт. Прама ішла галоўная вуліца вёскі. Тут можна было пабачыць нават двухпавярховыя блочныя дамы. Гэтай дарогай мы выязджалі на трасу, што звязвала Славянск з Бахмутам.

Тут, на галоўнай вуліцы не так даўно разарваўся расейскі снарад. Невялічкія языкі полымя злізваюць тое, што гарыць. Ідзе дым. Бела-шэры, быццам з дымахода, калі печку паліш. Ніхто не тушыць. На вайне, чамусьці, так.

Праз дарогу пашкодзіла другі дом – ён без даху зусім. Узрыўной хваляй знесла шыфер і франтон. Страпільная сістэма стаіць цалкам аголеная.

Мужчына шоркаецца каля аднаго з вакон і адкідае ў бок сілікатную цэглу, што грудамі ляжыць ля сцяны дома. Гэта звычайны мірны жыхар сярэдняга ўзросту.

– Хватило ума маме не говорить. – падыйшла да яго жанчына – хутчэй за ўсё жонка.

– Аа? – не пачуў мужчына.

– ХВАТИЛО УМА МАМЕ НЕ ГОВОРИТЬ, – паўтарыла жанчына. Казала яна гэта без папроку. Спакойна.

Мабыць гэты дом належаў яе маці, якая з’ехала далей ад вайны. І яны, каб не хваляваць сталую жанчыну, не сталі казаць ей, што дом пашкодзіла прылетам.

Дом домам, але галоўнае, што тыя муж з жонкай жывыя.

Каторы раз прыходжу да высновы, што
МІРНЫМ НЕ МЕСЦА Ў ЗОНЕ БАЯВЫХ ДЗЕЯННЯЎ.