Праца ў Нью-Ёрку адрознівалася ад працы ў Бахмуце. І там і там побач праходзіла лінія фронту, але ў …

Праца ў Нью-Ёрку адрознівалася ад працы ў Бахмуце. І там і там побач праходзіла лінія фронту, але ў Нью-Ёрку было значна цішэй і спакайней. Быццам трапілі у прыфрантавую Канстанцінаўку альбо навогул у Краматорск.

У мяне склалася меркаванне пра негалосную дамову між кіраўніцтвам украінскімі і расейскімі войскамі, адказным за гэты накірунак фронту, аб неабстрэле цэнтральнай і заходняй частак Нью-Ёрку наўзамен на неабстрэл Горлаўкі. (Але гэта былі толькі мае думкі).

У адным і тым жа населеным пункце складалася рознае ўражанне пра наяўнасьць тут вайны: у адной частцы Нью-Ёрка гадамі жыло амаль звычайным жыццём мірнае мясцовае насельніцтва. Працавалі гандлевыя кропкі, шкло было цэлае практычна ў кожным доме. Людзі без страху хадзілі днём па вуліцы.

Ва ўсходняй і паўднёвай частках горада мірнае жыццё спыніла сваё існаванне. Смертаносныя аскепкі маглі спаткаць цябе тут у любы момант. Будынкі, камунікацыі, дарогі, кінутая тэхніка – ўсё несла на сябе адбітак вайны.

Толькі аднойчы, у апошні наш дзень у Нью-Ёрку, побач з нашым домам разарваўся снарад, разбудзіўшы нас сярод ночы. У астатнім мы адчувалі сябе ў сваім часовым доме як у бабулі на летніку. Толькі замест бабулі былі пабрацімы.

(На фота: кадры з паўднёвай часткі Нью-Ёрку, 28 лютага 2023)