Кідаем рэчы ў нашым новым часовым доме.Бачу пакідаем уладкоўвацца на новым месцы.Я, Д(жон) і Ваяр ед…

Кідаем рэчы ў нашым новым часовым доме.

Бачу пакідаем уладкоўвацца на новым месцы.

Я, Д(жон) і Ваяр едзем з ССО-шнікамі на супрацьлеглы ўскраек Нью-Ёрка.

Падае снег. Дарога ў ільдзе.

Пераехалі чыгуначны пераезд і рухаемся па вуліцы. Яна як ў вёсцы – абапал дарогі звычайныя вясковыя домікі. Некаторыя разбураны прылётамі.

Калі і надалей ехаць прама, то праз некалькі кілометраў (мо і 10 не будзе) будзе акупаваная з 2014 года Горлаўка.

Д(жон) не паспеў зрэагаваць і заехаў па слізкай дарозе ў зад зусім новенькага пікапа ССО-шнікаў. Амаль не пашкодзіў яго. Нашаму бусу пашанцавала меней, але ён застаўся на хаду.

Пасля невялікай замінкі, з-за аварыі, мы даехалі да месца.

Схавалі машыны за дамамі пад шатамі дрэў.

Практычна ўсе дамы ў гэтай частцы Нью-Ёрка былі кінуты жыхарамі.. Трапляліся дамы, занятыя ўкраінскімі вайскоўцамі.

Разбурэнняў тут было значна болей, чым у заходняй частцы Нью-Ёрка

Налева, прама праз поле да ўзгорка за ўзвышшам, ішла палявая дарога.

Яна прастрэльвалася рускімі з крупных калібраў.

Па ёй мы пайшлі пешшу, каб не выклікаць у акупантаў жадання адпрацаваць па нашым машынам, якія з намі ўнутры былі больш жаданай і заўважнай для іх цэллю, чым проста ланцуг з некалькіх пехацінцаў.

Хуткім крокам, часам подбегам, мы перасяклі поле. Згуртаваліся за узвышшам ля схіла ўзгорка.

Тут, ля бліндажа, дзе неслі службу некалькі жаўнераў ЗСУ, і была прапанаваная ССО-шнікамі пазіцыя для нашага сапага.

Пазіцыя была ідэальная для мінамета.

З боку рускіх яе закрываў узгорак. Ён бараніў нас ад вачэй нізкалётаючых варожых дронаў, ад абстрэлу прамой наводкай і ўскладняў рускім стральбу па гэтай пазіцыі навесам.

Ці падыйдзе пазіцыя для сапага – было пытаннем.

Арыентыра для наводкі таксама не было. Але, так і быць, я гатовы быў замест слупа на адлегласьці ў сотні метраў выкарыстаць звычайную палку, устаўленую ў зямлю ў пары дзясяткаў метраў. Гэта значна б пагоршыла дакладнасьць першага стрэла, але іншага варыянта не было.

Ды і пазіцыя была добрая ў сэнсе падрыхтаванага бліндажа ў якім можна было перачакаць магчымы контрабстрэл ворага.

Вызначыўшы кропку для сапага, я зняў з дамамогай GPS-трэкера яе каардынаты.

Усталяваў у некалькіх дзясяткаў метраў ад яе вертыкальную палку-арыентыр. Вызначыў яе каардынаты таксама.

Увёў дадзеныя ў Крапіву.

Тэарэтычна, варожыя цэлі, якія загадзя перадалі нам ССО-шнікі, мы маглі накрываць і вынішчаць сапагом адсюль.

Заставалася толькі адно, апошняе, пытанне без адказу: ці падымецца ствол нашага сапага ўгору настолькі, каб выпушчаны з яго снарад пераляцеў пагорак з дрэвамі на ім.

Здаецца, Г(ідра) паказваў як пагледзець гэты момант з перашкодамі рэльефу па Крапіве, але я не быў упэўнены наконт дрэў – ці пераляціць снарад праз іх. Адлегласьці былі на тоненькага.

Без сапага мы на гэтае пытанне адказаць на 100% не маглі.

Безпаспяхова пашукаўшы запасныя пазіцыі ля дамоў на крайняй вуліцы Нью-Ёрка, мы вярнуліся ў наш домік і пачалі абжывацца.

На заўтра зноў запланавалі выехаць на гэтую пазіцыю, але ўжо з сапагом.