Але ці несці гэта далей, залежыць ад кожнай ды кожнага з нас.
Большасць маленькіх беларусак ды беларусаў бацькі выхоўваюць па-руску. Адпаведна, ім спяваюць рускія дзіцячыя песні, чытаюць рускія народныя казкі. З цягам часу дзеці пачынаюць чуць прыказкі і прымаўкі з рускімі гарадамі: як пра Сочы, напрыклад. Потым вакол іх з’яўляюцца рускія песні, кіно, класічная літаратура — і вось ужо вырастае чалавек, цалкам знаёмы з культурай суседняй краіны і зусім не знаёмы з культурай сваёй.
Так, няма нічога дрэннага, каб ведаць і вывучаць культуру розных краін, але перадусім павінна быць менавіта свая, родная, беларуская культура.
Гучыць дзіўна, але: дзеля таго, каб паглыбляцца ў беларускую культуру ў Беларусі, трэба адмыслова шукаць беларускія казкі, дзіцячыя песні, прыказкі і прымаўкі, класічную літаратуру, музыку і гэтак далей. І, зразумела, дзеля таго, каб усё гэта спажываць, трэба ведаць беларускую мову.
Канешне, заўсёды ёсць просты шлях — расслабіцца і наўпрост «есці што даюць». Але тады ніякай размовы пра суверэнны беларускі народ хутка не будзе. Суверэнітэт ужо пад пагрозай. І пры такім падыходзе ніякай Беларусі праз пэўны час ужо не будзе. Ці гэтага мы хочам для сябе — быць апошнімі з жыхароў вольнай краіны?
Падаецца, не. Тады з нас можа распачацца адраджэнне Беларусі ды беларускай культуры. У нас ёсць усе магчымасці, каб пашыраць беларускую прастору вакол сябе як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Гэтым ужо займаюцца тысячы беларусак ды беларусаў. Далучыцца лёгка: дадаць беларускую мову ў сваё жыццё, больш спажываць ды дзяліцца з сябрамі беларускім кантэнтам, вывучаць беларускую гісторыю. Цікавіцца менавіта беларускай культурай: аўтарамі, музыкамі, комікамі і гэтак далей.
Беларусь — гэта ўсе мы. І ад нас з вамі залежыць яе будучыня.
@honestpeople_by
#мычестныелюди #мысумленныялюдзі #строимгражданскоеобщество