На волю прабіўся ліст ад зняволенага праваабаронцы «Вясны» Уладзя Лабковіча датаваны 3 верасня. Уладзь піша, што лісты атрымлівае толькі ад жонкі Ніны і ад маці. Ад іншых людзей лісты амаль не даходзяць, таму для яго зараз «кожны ліст — вялікае свята».
«Таму пішыце, калі ласка. Толькі тут разумееш, наколькі гэта важна», — піша вясновец.
Уладзь адзначае, што ў яго камеры амаль нічога не адбываецца, але сядзіць з вельмі добрымі людзьмі, якія падтрымліваюць адзін аднога. Умовы ў камеры з большага нармальныя, але праваабаронца скардзіцца, што «імкліва псуецца здароўе і сапсаваўся зрок».
«Прачытаў у каторы раз «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча. Чыталася зусім інакш, чым раней. Вечная беларуская трагедыя. Як на працягу стагоддзяў у топку кідаюцца лепшыя, якія згараюць у турмах. І так кожныя 30-50 год. Столькі паламаных лёсаў. Як вязняў, так і іх сем’яў, дзетак», — дзеліцца Уладзь.
Таксама праваабаронца піша, што вельмі сумуе па жонцы і дзетках і нічога так не хоча, як быць з імі побач.
Калі ласка, працягвайце пісаць нашым калегам і каляжанкам лісты салідарнасці ў турмы:
– СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
– СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)
Напісаць анлайн bit.ly/3jwJMLn