Няпростая арытмэтыка.
тыя каму сёньня за восемдзесят
памятаюць як па начох раптам зьнікалі суседзі
сваякі рабіліся ворагамі народу
— людзі зь няправільнымі прозьвішчамі
небясьпечнымі ідэямі
шкоднымі кніжкамі
і ня тымі мовамі
і амаль у кожнага ў доме жыў малы гадаванец
па мянушцы strach
тыя каму сёньня за шэсьцьдзесят
памятаюць як з чорна-белых экранаў
распавядалі пра краіну дзе яны жылі
дзе можна было шмат чаго
можна было любіць урад і захапляцца спортам
можна было шанаваць гісторыю сапраўдную з часоў новай улады
можна было маўчаць
можна было ня думаць
і канечне можна было не пакідаць межы краіны, гораду і кватэры
бо дзяржава заўсёды праявіць клопат
будзе чытаць газэты і кніжкі, выкрэсьліваючы зь іх шкодныя словы
складзе сьпіс небясьпечных прафэсій
каб ня дай божа не былі жанчыны
цесьлярамі вадалазамі або мулярамі
увядзе сьмяротнае пакараньне
адашле незадаволеных куды падалей
праца на сьвежым паветры сярод стэпаў мацуе характар
тыя каму сёньня пад сорак
трыццаць год таму яшчэ чыталі казкі і можа быць верылі
дабро пераможа
але што дабро для аднаго — гора для іншага
і вось яны дзе вочы панясуць трапляюць у загадкавы лес
там баба яга і кашчэй бесьсьмяротны не пераносяць духу жывога
хатка на курыных ножках
зачараваныя зьверы якія некалі былі людзьмі
у гэтым лесе гадуецца strach
той самы што потым жыве па дамах і кватэрах
у гэтым лесе так лёгка згубіцца забыцца
і стоячы перад валуном на скрыжаваньні выбраць дарогу
што станецца лябірынтам і праз трыццаць год
зноў прывядзе туды дзе валун
і тыя каму сёньня пад сорак зьдзівяцца
як зьмянілася навакольле
налева пойдзеш — кветкі буяюць
направа павернеш — не зьлічыць галасоў птушак
і толькі іхняя дарога — стужка мёбіюса
тут па-ранейшаму
можна любіць урад і захапляцца спортам
можна шанаваць гісторыю з часоў апошняй вайны
можна маўчаць
можна ня думаць
і можна не пакідаць межы краіны, гораду і кватэры
бо толькі дзяржава праявіць клопат
таму яна
не перастане правяраць газэты і кніжкі
не адменіць сьпіс шкодных прафэсій
не скасуе сьмяротнага пакараньня
і гэтак жа будзе лекаваць нязгодных звозячы іх на шпацыр у лес
у граматыцы гэтай краіны
усяго два лады
нехта абірае для жыцьця ўмоўны
нехта — загадны
на вуліцах гэтай краіны няма бяздомных людзей і сабакаў
няма гандляроў і пікетаў
чысьціня і парадак
цешацца замежнікі
ганарацца мясцовыя
быццам не заўважаючы, як людзі ў форме закідваюць у цягнік бадзягу
гэтая чысьціня — беспаветраная прастора
дзе нічога жывога
дзе адно
ЧЫСЬЦІНЯ
і
STRACH
што спыніў гадзіньнік на лічбах 19:95
і пакуль на мапах зьмяняліся контуры
зьнікалі дзяржавы і зьяўляліся новыя
на палях менела матылькоў
палёт парушынкі адлегласьцю ў трыццаць год
хто прыгадае