Беларусы сёння — кактэйль з цяжкіх эмоцый: страх, злосць, трывога, пачуццё бызвыходнасці… Псіхолагі кажуць: траўма — гэта не сама падзея, а стан, які выкліканы гэтай падзеяй.
Прытым у адной і той жа сітуацыі розныя людзі могуць знаходзіцца ў розных станах: адны атрымаюць стрэс, іншыя — траўму. Усё гэта залежыць ад асаблівасцяў псіхікі, працягласці знаходжання ў стрэсе і іншых фактараў. Але кожны з нас дакладна ў сілах дапамагчы сабе сам.
«Каб вярнуць сябе ў нармальны стан, калі ўзровень стрэсу зашкальвае, трэба наўмысна прыкладаць намаганні і ствараць сабе нармальныя жыццёвыя ўмовы, — расказвае медыцынскі псіхолаг Алена. — Многія мае пацыенты кажуць: «Пакуль некаторыя пакутуюць за кратамі, якое права я маю купляць сабе новую сукенку, адпачываць у Егіпце або хадзіць у тэатр.
Гэта не так. Усе гэтыя дзеянні — як лекі. Нават калі прымаць вы іх не хочаце, гэта трэба зрабіць для выздараўлення.
Таксама абавязковымі для беларусаў я б назвала максімальна здаровае харчаванне, сон, фізічную актыўнасць і прагаворванне-пражыванне сваіх эмоцый. Прытым гэта тычыцца і жанчын і мужчын у роўнай ступені.
Як кажуць спецыялісты, наступным этапам пасля перажывання страху і бяссілля павінна стаць прыняцце сітуацыі, усведамленне яе каштоўнасці.
Напэўна, вы здзівіцеся: «Якую каштоўнасць з гэтага ўсяго можна вынесці?». Але гаворка ідзе пра псіхалагічнае сталенне нацыі. Так, гэта вельмі павольны, балючы і складаны працэс, але нам давялося праз яго прайсці. І гэта каштоўнасць, з якой мы выйдзем іншымі людзьмі і, магчыма, з пераменамі».