Яе даўно запісалі ў шэраг абавязковых рысаў характару беларусаў. Але апошнім часам нам пастаянна папікаюць гэтай памяркоўнасьцю, атаясьняючы яе з тым, што па-расейску завецца “безропотность“.
Давайце разьбярэмся ці так гэта?
Дастаткова проста зазірнуць у слоўнікі, і мы ўбачым, што “безропотность” на беларускую мову перакладаецца, як “пакорлівасьць”, “маўклівасьць”, “цярплівасьць”. Пры гэтым, на сайце slounik.org з “безропотностью” мае справу выключна расейска-беларускі слоўнік Кандрата Крапівы (рэформа беларускага правапісу, 1953 г, русіфікацыя і г.д. – зразумела?). То бок дагэтуль беларусы неяк абыходзіліся без аналагаў “безропотности”.
Цяпер давайце пашукаем у слоўніках “памяркоўнасьць”.
1) лагоднасьць, спагадлівасьць, паблажлівая пагарднасьць (слоўнік Булыкі)
2) цярпімасьць, дапушчальнасьць, дабразычлівасьць (ізноў слоўнік Крапівы, дзе гэта не сынонімы)
3) талерантнасьць (Культуралогія)
4) лібералізм (Чалавек і грамадства)
А яшчэ Беларуска-лацінскі слоўнік дае прыказку: Temperantia est custos vitae — Памяркоўнасць – захавальніца жыцця
І гэта сапраўды так, бо ў беларускім характары ад пачатку закладзеная прыязнасьць і здольнасьць паважаць погляды іншых людзей. Бо немагчыма было існаваць ў шматнацыянальнай і шматрэлігійнай дзяржаве інакш, як вырашаць ўсе пытаньні спакойна і мірам.
Так што славутая “памяркоўнасьць” ёсьць ні чым іншым, як праявай павагі да іншага меркаваньня, талерантнасьцю ды цярплівасьцю. А вось да якой мяжы?… (Лічыце гэта спойлерам да вечаровай хвілінкі паэзіі )
P.S. Калі ласка, ня блытайце сапраўдную памяркоўнасьць з абыякавасьцю.
#цікавосткі