ІЕРМАНАХА ЮСЦІНА (КІВІЛОО)
Дарагія браты і сёстры! Хрыстос народзіўся для нас і дзеля нас!
Зноў надыйшлі Каляды – свята Яго Нараджэння. Гэта сьвята радасьці для ўсіх нас!
Бог запазычвае нашу чалавечую прыроду, каб вярнуць яе нам у багацці. Ён становіцца часткай нашай уразлівасці, каб мы ўсе маглі падзяліць Яго Боскасць. Стаўшы чалавекам, Ён прымае на Сябе нашу грахоўную прыроду. Ён, Сам бязгрэшны, робіць гэта не дзеля таго, каб навязаць нам новую мараль, але каб мы здабылі Яго святасць, каб наша чалавечая прырода стала боскай. Ён спускаецца да нас, каб мы маглі падняцца на самае высокае неба. Ён адмаўляецца ад усяго, каб мы сталі ўдзельнікамі ўсяго.
Іісус – уцялеснены Бог, упершыню з’яўляецца пастухам. Ён з’яўляецца ім як і нам: у пакоры і слабасці, а не ў сваёй боскай усемагутнасці. Немаўля ў пялюшках аддала сябе на апеку тых, хто яго атачаў. Ён поўнасцю безабаронны! Ён залежыць ад усіх. І Ён жадае, каб мы адкінулі свае дарослыя недахопы і сталі падобныя на малое дзіця, пра якое ў Евангеллі сказана: «Бо меншы паміж вамі будзе большым» (Лк 9:48).
Мы весялімся і радуемся, бо калі мы слухаем голас Божы, то ў гэтую ноч ў прастаце вярцепа Хрыстовага Раства ўсе нашы пачуцці адкрыты Боскай прысутнасці. Гэты голас гаворыць з людзьмі, прымірае іх, напаўняе іх любоўю, святлом, радасцю і спакоем. І не мае значэння, што звонку пануюць холад, няшчасці і беднасць.
Эрнэст Хэмінгуэй пачынае свой раман «Па кім звоніць звон» словамі англійскага паэта, салдата і святара Джона Донна: “Няма чалавека, які быў бы як выспа, сам па сабе, кожны чалавек ёсць частка мацярыка, частка сушы; і калі хваляй знясе ў мора берагавы уцёс, меншай стане Еўропа, і таксама, калі змые край мыса або разбурыць замак твой ці твайго сябра, – так і смерць кожнага Чалавека прымяншае і мяне самога, бо я лучны з усім Чалавецтвам, а таму не пытайся ніколі, па кім звоніць звон: ён звоніць па Табе”.
Дарагія, Украіна знаходзіцца ў стане вайны ўжо больш за 1000 дзён, і гэта закранае нас не толькі эмацыйна, але і наўпрост. Кожная смерць чалавека памяншае нас саміх. Плач конжнага дзіцяці, кожнай маці, кожнай сястры і брата – гэта наш плач. Мы молімся ў цэрквах нашага Экзархата і ў сябе дома: каб Гасподзь зірнуў зь нябёсаў і ўбачыў боль і пакуты сваіх дзяцей, слёзы на іх вачах, угледзеўся ў іх душы, якія пакутуюць. Ён ведае, што грэх і беззаконне падняліся над нашымі галовамі, але няхай Ён памілуе нас, бо Ён – нашае спадзяванне і наша надзейная сцяна. Няхай Ён прасвятліць тых, хто не закрануты гэтай вайной і дасць ім разуменне споўніць святую волю пра якую Ён сказаў: «Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі».
Госпадзе, Дабрадзейны Бог і Чалавекалюбча, дай народу Украіны стойкасць, надзею і сілу супрацьстаяць гэтаму несправядліваму ўварванню! Пашлі анёлаў з Тваіх святых вышыняў усім, хто пацярпеў ад гэтай вайны, калі яны засталіся на Радзіме, ці мусілі ісце ў бежанства, і дай ім усім цярпенне, устойлівасць і суцяшэнне!