Пасланне на Раство Хрыстова Сусветнага Патрыярха Варфаламея, архіепіскапа Канстантынопаля – Новага Р…

Пасланне на Раство Хрыстова Сусветнага Патрыярха Варфаламея, архіепіскапа Канстантынопаля – Новага Рыма!

Варфаламей, з ласкі Божай, Архіепіскап Канстантынопаля, Новага Рыма і Сусветны Патрыярх, да паўнаты Царквы:

ЛАСКА, МІЛАСЦЬ І МІР АД ХРЫСТА ЗБАЎЦЫ, НАРОДЖАНАГА У ВІФЛІЕМЕ УСІМ ВЯЛЕБНЫМ БРАТАМ-ІЕРАРХАМ І ДАБРАСЛАВЁНЫМ ДЗЕЦЯМ У ГОСПАДЗЕ!

З вышняй ласкі і сёлета мы дасягнулі свята Божага ў Целе Нараджэння Бога-Слова, які прыйшоў у свет і пасяліўся сярод нас «з неапісальнай любові да чалавека»!
Псалмамі і духоўнымі песнямі мы з невыразнай радасцю святкуем вялікую таямніцу Богаўцелаўлення, якое «навейшае за ўсё новае і адзінае новае пад сонцам», праз якое нам адкрываецца шлях да абагаўлення праз ласку і праз якое абнаўляецца ўсё стварэнне.

Раство — гэта не проста перажыванне эмоцый, якія «хутка прыходзяць і яшчэ хутчэй сыходзяць». Гэта экзістэнцыйны ўдзел ва ўсёй падзеі Божага клопату пра чалавецтва.

Як сведчыць евангеліст Мацвей, уладары свету з самага пачатку імкнуліся знішчыць Божае Немаўля. Таму для нас – вернікаў, у свяце ўцелаўлення Сына і Слова Бога Айца разам з воклічам «Хрыстос нарадзіўся», чуецца таксама і журботны звон Яго пакутаў, але разам з тым гучыць і радасны вокліч “Хрыстос уваскрос” – добрая вестка пра перамогу над смерцю і чаканне агульнага ўваскрасення.

Словы «Слава на вышынях Богу і на зямлі мір» гучаць у свеце, поўным гвалту, сацыяльнай несправядлівасці і прыніжэння чалавечай годнасці. Дзіўны прагрэс навукі і тэхнікі не дасягае глыбіні чалавечай душы, таму што чалавек – гэта заўсёды нешта большае, чым тое, што можа ахапіць навука або да чаго імкнецца прагрэс тэхнікі. Прорву паміж небам і зямлёй у нашым чалавечым існаванні навука не можа пераадолець. Сёння шмат гавораць пра «постчалавека» і ўсхваляюць штучны інтэлект. Мара пра «супермэна» наўрад ці новая. Канцэпцыя «постчалавека», заснавана на тэхналагічным прагрэсе і яго забеспячэнні такімі сродкамі, якія раней у чалавечым досведзе і гісторыі здаваліся неймавернымі. З іх дапамогай чалавецтва жадае выйсці за межы цяперашніх чалавечых стандартаў. Царква не мае тэхнафобіі і разглядае навуковыя веды як «боскі дар людзям». Але пры гэтым яна не забывае і не хавае небяспекі сцыентызму.

Энцыкліка Святога і Вялікага Сабору Праваслаўнай Царквы 2016 году таксама падкрэслівае ўклад хрысціянства «ў здаровае развіццё свецкай цывілізацыі», бо Бог «паставіў людзей распарадчыкамі святога стварэння і сваімі супрацоўнікамі ў свеце. Больш за тое, у пасланні таксама падкрэсліваецца: «Праваслаўная Царква супрацьпастаўляе ідэі сучаснага свету пра «чалавека-бога» – ідэю «Богачалавека» як апошнюю меру ўсіх рэчаў. У Дакладным выкладзе праваслаўнай веры святога прападобнага Яна Дамаскіна ёсць такія словы: «Мы гаворым не пра чалавека, які стаў богам, але пра Бога, які стаў чалавекам”.

Адказ на найважнейшае пытанне – як захаваць “культуру асобы”, павагу да яе святасці і падкрэсліванне яе прыгажосці да апошняга “восьмага дня” перад абліччам тытанізму і праметэізму тэхналагічнай культуры, яе эвалюцыі і трансмутацыі, сярод антрапатэістычных змен і перабольшанняў чалавечнасці – быў дадзены раз і назаўжды ў таямніцы Богачалавечнасці. Бог Слова стаў плоццю – “ісціна прыйшла”, а “цень знікла”.
Абвяшчэнне праўды для чалавечых істот цяпер ўзаемазвязана з іх адносінамі з Богам, як адказ на Божае сыходжанне да іх і як адказ на чаканне і будучую сустрэчу з Госпадам славы. Гэтая жывая вера падтрымлівае чалавечае змаганне за пошук адказазаў на супярэчнасці і выклікі зямнога жыцця, за магчымасць жыцця “не хлебам адзіным” (Мф 4.4), за выжыванне, а таксама за магчымасці сацыяльнага і культурнага развіцця. І менавіта таму, нішто у нашым жыцці не можа квітнець без звароту да Бога, без гарызонта “паўнаты жыцця, паўнаты радасці і паўнаты пазнання” Яго Валадарства.