Дождж хрысціць голаў грэшную маю.
І я пад голлем шматвяковай ліпы
Пілігрымам сціплым сцішана стаю.
Святыні побач белыя, як дзіва,
Ў абдымках хмараў і высокіх дрэў.
Ідзе святар, як галубочак сівы,
Стаміўшыся, на лаўку хтось прысеў.
Сюды травой, аброшанай і мяккай,
На цудатворны пераможны кліч
Прыходзяць людзі з горам і падзякай.
Людскія душы ачышчае зніч.
Перада мной зямля мая святая,
Тут у паклоне дрэвы над вадой,
Дзе галубы бясшумна пралятаюць,
Ступала Маці Божая па ёй.
Не знатныя, а пастушкі віталі.
Да нас прыйшла ў вясняны дзень знарок
І Краю міламу, каб лепшымі мы сталі,
Пакінула на дрэве абразок.
Над намі храм, туманныя нябёсы.
Крынічанька пад храмам б’е з зямлі.
Як пастушок у світцы белай, босы,
Стаю, і слёзы твар мой залілі.
Адданасцю стукочуць нашы сэрцы
З крыніц благаславенных праўду піць.
Мінуласці святой з зямлі не сцерці
І веры ў Бога ў сэрцы не спыніць.
Жыровічы, славутая мясціна,
Здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль ў нялёгкую хвіліну
Мы на тваіх складаем алтарах.
Хай будзе мір, і згода будзе ўсюды.
Ды калі грозьбай азарыцца сінь, —
Нашай зямлі, дастойнай Тваіх цудаў,
Ў сваёй апецы, Божа, не пакінь!
Ларыса Геніюш.