​Занадта часта ў гісторыі Беларусі здараліся цяжкія часы. Бывала, што Беларусь, яе гісторыя, мова, н…

Занадта часта ў гісторыі Беларусі здараліся цяжкія часы. Бывала, што Беларусь, яе гісторыя, мова, незалежнасць, нават самое існаванне, як на нітачцы, павісалі ўсім цяжарам на асобных людзях, – на нацыяналістах, патрыётах. Часам дзівішся, – літаральна некалькі чалавек, ці то зусім адзін, – маглі пераламіць ход падзеяў, зберагці, захаваць, передаць нашчадкам, – зрабіць тое, што лічылі сваім абавязкам. Вакол іх узнікала з забыцця, адраджалася Беларусь.

Такім чалавекам быў (Божухна, ну чаму даводзіцца пісаць гэтае слова, – “быў”?..) Вітольд Ашурак. Прыгожы, шляхетны, абаяльны, – разам з сябрамі аднаўляў гістарычную памяць Лідчыны. Повязь гісторыі і сучаснасці для яго была жывой, асязальнай, бо паміж героямі даўніны і беларусамі, якія яшчэ маюць нарадзіцца, стаяў ён, – Вітольд Ашурак.

На гэтых здымках з-пад Лідчыны, дзе высілкамі мясцовых актывістаў адноўлены мемарыял паўстанцам 1863 года на месцы жорсткай бітвы, Вітольд стаіць з рыдлёўкай ў руках: ён адмыслова прывёз зямлю з гары Гедыміна ў Вільні, з месца пахавання Кастуся Каліноўскага, каб далучыць яе да праху яго паплечнікаў тут. Каб звязаць час і час. Зямлю і зямлю. Герояў і герояў.

Зараз вельмі цяжкі час. Але зямля беларуская – тая ж, што і ў часы Каліноўскага, і героі, што на ёй нараджаюцца, – нашыя сучаснікі. Кожны, хто мае годнасць быць беларусам, сёння – герой. І я плачу ад віны за гібель Вітольда. Я хачу, каб усе былі жывыя. Каб акупанты не забівалі беларусаў. Каб дзецям не даводзілася чакаць бацькоў з турмы. Мы за гэта нясем адказнасць, ніхто, акрамя нас саміх.

А за заўчасную гібель беларускага патрыёта Вітольда Ашурка – адказнасць на Лукашэнку асабіста і яго карніках. Пайменна.
Алёна Талстая