1. Архітэктары пасляваеннага Мінска, якія планавалі горад для “новага” савецкага чалавека, напэўна, і ў страшным сне не маглі сабе ўявіць, што іх асноўная ідэя шырокага/адкрытага горада акажацца настолькі прыдатнай для правядзення дэманстрацый на 200 тысяч чалавек. Дэманстрацый пад бел-чырвона-белымі сцягамі, якія знясуць у нашай краіне апошнія рэшткі савецкага лоску.
Пры патрэбе каля Стэлы можа сабрацца, напэўна, і чвэрць Мінска (500 тысяч). Вельмі зручна прыдумалі савецкія будаўнікі сацыялізма.
2. Архітэктар музея ВАВ, калі планаваў свой паўсферычны купал і вырашыў павесіць там савецкі сцяг (нібыта адсылка да ўзяцця Рэйхстага), дакладна і падумаць не мог, што са жніўня 2020 года ягоны аб’ект будзе асацыявацца ў свеце найперш з морам бел-чырвона-белых сцягоў, а зусім не з савецкім сімвалам.
Хаця агульны кантэкст у выніку толькі ўзмацніцца)
3. Стэла была выбраная для мітынга выключна таму, што там шмат месца. Але напрошваюцца і гістарычныя паралелі. Стэлу паставілі на праспекце ў 1970-ых гадах у гонар атрымання Мінскам звання горада-героя. Званне далі толькі 1974 годзе, бо наш горад захапілі ўжо на 6 дзень вайны і ў 1944 годзе хутка вызвалілі падчас аперацыі “Баграціён”. То нібыта не было нагодаў.
Адзінае, чым вызначыўся Мінск, – моцным і трагічным падполлем. Але Масква яшчэ ў час вайны назвала наша падполле “правакацыяй немцаў” і пасля вайны не жадала адступаць ад сваёй пазіцыі. І вось сотні мінскіх падпольшчыкаў два дзесяцігоддзі збіралі дакументы, шукалі сведкаў, хадзілі па інстанцыях, нарываліся на праблемы з уладамі, але ўрэшце змаглі даказаць невінаватасць мінскіх падпольшчыкаў, што дало падставы для надання гораду звання горада-героя. І для ўзвядзення Стэлы.
Ці не праўда, крыху падобна на гісторыю нашага незалежніцкага руху, які больш за 20 год знаходзіўся ў ганенні, але паступова, вельмі марудна, даказваў сваё права на месца пад сонцам і выбухнуў пад той жа Стэлай, якая стала сімвалам перамогі праўды пра мінскае падполле, перамогі слабога над дужым.
Сёння сімвалізму Стэлы дадалося)