Breaking
22 Верас 2024, Няд

#тэорыямовыЦі ўнікальная літара ў?Ў, або “у нескладовае” ці “у кароткае” – унікальная літара беларус…

*

#тэорыямовы

Ці ўнікальная літара ў?

Ў, або “у нескладовае” ці “у кароткае” – унікальная літара беларускага алфавіта. Гэтую ўнікальнасць, канечне, можна аспрэчыць, паколькі дакладна такая самая літара ёсць, напрыклад, ва ўзбекскім кірылічным алфавіце. Таму адзначым, што сярод славянскіх моваў яна сапраўды адна-адзіная. Гэта ўнікальнасць і была падкрэслена ў 2003 г., калі ў Полацку з’явіўся помнік літары ў.

Упершыню ў сучаснай беларускай мове літара ў з’явілася ў ХІХ стагоддзі, прычым у сваім лацінкавым варыянце — ŭ. Адным з першых яе ўжыў Ян Чачот у сваёй вершаванай брашуры «Da milych mužyczkoú» (1846 г.), але ў гэтым выданні яна выглядала як u з рыскай — ú. Ў сустракаецца таксама ў тэкстах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. І толькі ў Францішка Багушэвіча яна набывае свой сучасны выгляд— ŭ (у кракаўскім выданні «Dudka Białaruskaja», 1891). Кірылічная літара была прапанаваная ў 1870 г. філолагам Пятром Бяссонавым, які з’яўляўся старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі. Яна, напрыклад, з’явілася ў вершы Аляксандра Ельскага «Сынокъ! Разсказъ зъ праўдзиваго здарэння… 1895 року». І толькі дзесьці напрыканцы першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя літару ў пачалі ўжываць у беларускай кірыліцы больш-менш паслядоўна.

Ці значыць гэта, што да ХІХ стагоддзя гук [ў] быў невядомы нашай мове? Канечне ж не! Гэты гук фіксуецца яшчэ ў старабеларускіх тэкстах (а таксама ў кітабах), праўда асобнай літары для яго перадачы не існавала, тады ён перадаваўся праз в, л, у, (вжо, прышовъ, вслышалшы, по узгоркохъ).
У 2010 г. былі ўведзеныя змены ў правілы беларускай арфаграфіі, якія закранулі і правапіс літары ў. Дарэчы, у выніку літара ў пачала ўжывацца часцей, чым раней.