#граматыкаЦі ведаеце вы, як правільна кагосьці паклікаць? Сённяшняя граматыка – пра клічныя формы на…

#граматыка

Ці ведаеце вы, як правільна кагосьці паклікаць? Сённяшняя граматыка – пра клічныя формы назоўнікаў.

Клічныя формы назоўнікаў

Клічная форма назоўнікаў існавала яшчэ ў праславянскай мове, аднак на сёння захавалася не ва ўсіх славянскіх. У рускай, напрыклад, яна была цалкам выцеснена формамі назоўнага склону. У савецкі час у беларускай мове пад уплывам рускай з парадыгмы скланення назоўнікаў знік клічны склон, аднак самі формы захаваліся як у дыялектах, так і ў літаратурнай мове. Калі гаварыць пра дыялекты, дык клічныя формы больш уласцівыя паўднёва-заходнему дыялекту беларускай мовы, дзе яны ахопліваюць не толькі назоўнікі мужчынскага, але часам і назоўнікі жаночага роду (ма́мо, Ма́нё – з націскам на першым складзе).

У сучаснай беларускай літаратурнай мове клічныя формы маюць пераважна адушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду адзіночнага ліку (асабовыя назоўнікі кшталту браце, пане), радзей словы, якія абазначаюць іншых жывых істотаў (коце), а таксама часам неадушаўлёныя назоўнікі, звычайна ў паэтычным кантэксце (га́ю). Клічныя формы ў сказе звычайна з’яўляюцца звароткамі і на пісьме вылучаюцца коскамі: Як я без цябе, браце, сумавала! Пасля іх таксама можа ставіцца клічнік: Хлопча! Што ты тут робіш?

Канчаткі клічных формаў назоўнікаў

Канчатак –у маюць назоўнікі, якія заканчваюцца на к (братку, коніку), таксама назоўнікі на зацвярдзелыя ж, ш, ч, р (мужу, пісару).

Канчатак –ю маюць усе назоўнікі на мяккія зычныя і й (коню, краю).

Канчатак –е маюць астатнія назоўнікі на цвёрдыя зычныя (браце, Сямёне), але некаторыя назоўнікі замест канчатку –е (або паралельна з канчаткам –е) маюць канчатак –у (сыну і сыне, дзеду).

Канчатак –а (о) маюць назоўнікі, аснова якіх заканчваецца на –г, к, ц, што чаргуюцца з ж, ч, ш, (друг – дружа, купец – купча, хлапец – хлопча, хлапчо).