Ці можаце вы свабодна выказацца па тэме “Спадчына”? Калі адчуваеце складанасці – гэтая падборка тэматычных словаў з прыкладамі ўжывання дапаможа вам ўзбагаціць сваю лексіку. Гэта толькі фрагмент, таму калі зацікавіцеся – пераходзьце па спасылцы і глядзіце поўны варыянт. А таксама зможаце прайсці лексічны тэст і праверыць, ці ўсё вы запомнілі. Працяг тут: https://uroki.movananova.by/classes/spadchyna-sklanenne-lichebnikau/
Даўніна / мінуўшчына. Добры настаўнік гісторыі здольны зацікавіць нашай мінуўшчынай нават самага разбасячанага вучня.
Старадаўні / старажытны. Калі даследчыкі ўзняліся на паддашак касцёла, яны знайшлі сярод крокваў скручаныя арнаты са слуцкімі паясамі.
Род, радавод. Даўней лічылася, што кожны чалавек павінен ведаць свой радавод як мінімум да пятага калена.
Генеалогія, генеалагічнае дрэва. Генеалагічнае дрэва Радзівілаў займала ў музеі цэлую сцяну.
Спадкаемца / спадчыннік (рус. наследник, преемник). Пасля таго, як апошні з Пушкіных не пакінуў спадчынніка, маёнтак у Стайках перайшоў да паноў Лашкевічаў.
Нашчадак (рус. потомок). Не так даўно нашчадак роду О’Руркаў наведаў колішні сямейны маёнтак ва Уселюбе, дзе містычным чынам роўна ў тыя дні здарыўся пажар.
Продак / прашчур. Нашыя продкі надавалі вялікае значэнне каляндарнаму колу і верылі ў містычную сілу шмат якіх рэчаў у прыродзе.
Матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына. Да матэрыяльнай спадчыны адносяцца архітэктура, жывапіс, скульптура, кнігі, археалагічныя знаходкі ды іншае. Да нематэрыяльнай — абрады, традыцыі, мова, фальклор, знакавыя рэчы кшталту герба “Пагоня”.
Каштоўнасць (рус. ценность). Кожны старадаўні будынак з’яўляецца архітэктурнай каштоўнасцю і мусіць быць пад пільнай увагай грамадства.
Рэстытуцыя – вяртанне матэрыяльных каштоўнасцяў. Адмыслоўцы мяркуюць, што большая частка беларускіх каштоўнасцяў была ў розныя часы вывезеная за мяжу і нам проста неабходна настойваць на рэстытуцыі.