Breaking
22 Верас 2024, Няд

#граматыкаЛістападА ці лістападУ? ПейзажА альбо пейзажУ?Балючая для многіх тэма: канчаткі -у і -а ў …

*

#граматыка

ЛістападА ці лістападУ? ПейзажА альбо пейзажУ?

Балючая для многіх тэма: канчаткі -у і -а ў родным склоне

Чым адрозніваюцца паміж сабой у нашай мове формы лістапада і лістападу, гука і гуку, пейзажа і пейзажу і падобныя да іх? Тэма, прысвечаная ўжыванню канчаткаў -а і -у ў родным склоне, шырока вывучаецца і на ўроках беларускай мовы у школе, і на занятках ва ўніверсітэце. Але практыка паказвае, што розніцу паміж гэтымі формамі ведае і памятае далёка не кожны.

У нашай мове — у адрозненне ад расейскай — канчаткі роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, да якога слова далучаюцца. Напрыклад, калі мы кажам пра назвы жывых істот і канкрэтных прадметаў, вымярэнні, назвы ўстановаў, геаграфічныя і астранамічныя паняткі або тэрміны — звычайна ўжываем канчатак -а: каня, стала, метра, універсітэта, горада, Месяца, інтэграла. А вось калі слова называе нейкі адцягнены панятак, працэс, дзеянне, напрамкі ў прасторы, з’явы прыроды, захворванні, грамадскія фармацыі і тэорыі, а таксама мае зборнае або рэчыўнае значэнне — ужываем канчатак -у: спрыту, патрыятызму, крыку, захаду, грыпу, лесу, дажджу, крухмалу.

Аднак у нашай мове існуюць словы, ў якіх у залежнасці ад значэння могуць ужывацца абодва канчаткі, прычым не як варыянтныя. Гэта адбывецца ў тым выпадку, калі адно са значэнняў слова з’яўляецца канкрэтным, а іншае — больш адцягненым. Возьмем, для прыкладу, слова лістапад. Калі маецца на ўвазе канкрэтны месяц (адзінка вымярэння), то будзем казаць і пісаць – на пачатку лістапада з канчаткам -а. А вось калі кажам пра з’яву прыроды — працэс ападзення лістоты, — то мусім ужываць канчатак -у: на пачатку лістападу. Падобная сітуацыя са словамі гуку і гука. Калі мы маем на ўвазе тое, што чуем вухам, то бок нейкі фізічны працэс, то ўжываем назоўнік з канчаткам -у: няма ніводнага гуку. А калі слова гук — гэта лінгвістычны тэрмін — мусім ужываць канчатак -а: зычнага і галоснага гука. Што тычыцца формаў пейзажа і пейзажу, то тут таксама слова, якое абазначае канкрэтную карціну з выявай прыроды або жанравы мастацкі тэрмін, будзе мець канчатак -а, а калі мы ўжываем яго ў больш абстрактным значэнні ‘агульны выгляд мясцовасці, краявід’ — будзем ставіць канчатак -у. Гэтыя здавалася б невялікія нюансы вельмі важныя для нашай мовы, таму, ужываючы такія словы, абавязкова варта звяртаць увагу на кантэкст і на іх значэнне.