#цікавінкіХрыстос Уваскрос! Мінулым разам, калі мы публікавалі слоўнік па тэме “Вялікдзень”, у камен…

#цікавінкі

Хрыстос Уваскрос! Мінулым разам, калі мы публікавалі слоўнік па тэме “Вялікдзень”, у каментарах вы запытваліся, ці можна ўжываць назву свята Пасха? Адказваем.

Як правільна называць адно з найвялікшых хрысціянскіх святаў: Вялікдзень, Пасха або Паска? На праваслаўных сайтах мы знаходзім назву Пасха, хоць у большасці слоўнікаў яго і няма. Слова Пасха было вядома яшчэ старабеларускай мове і не толькі называла свята, але і асвечаныя на гэта свята прадукты. Яно прыйшло са старажытнагабрэйскай мовы, дзе азначала “Прайдзі міма” і было звязана з гісторыяй сыходу габрэяў з Егіпта. І дасюль габрэі, што жывуць побач з намі, адзначаюць сваё свята з назвай Песах. 

Калі вы ўсё ж такі ўжываеце слова Пасха, то звярніце ўвагу на яго скланенне ў давальным і месным склонах: Пассе, аб Пассе, дзе х гістарычна чаргуецца з с, як у слове муха – мусе. У народнай жа мове замацаваўся варыянт паска. Сёння паскай называюць велікодныя булкі з дражджавога цеста.

Але ўсё ж сёння гэтае свята мы шырока называем Вялікдзень. Гэта наша даўняя назва, якая складаецца з дзвюх частак: вялік і дзень. Вялік – гэта кароткая форма ад прыметніка вялікі, якая захавалася дзякуючы назве свята. Звярніце ўвагу, што для сучаснай мовы кароткія формы прыметнікаў не характэрныя. Скланяем слова Вялікдзень мы наступным чынам: Вялікадня, Вялікадню, Вялікаднем, аб Вялікадні. У народным календары гэта свята таксама мае назву Вялікадня і Вялічка. Часам сярод каталікоў можам сустрэць назву Вельканац, але гэта ў нашай мове чыстай вады паланізм.

Ну а калі паглядзець, як называюць гэтае свята ў сваіх пасланнях кіраўнікі хрысціянскіх канфесій, то там пабачым і Уваскрасенне/ Уваскрэсенне Хрыста, і Пасха Гасподня, і Пасха Хрыстова, і Уваскрасенне Езуса Хрыста.