Брашура з антыпаўстанцкімі вершамі Пушкіна і Жукоўскага з’явілася ў верасні 1831-га. Неўзабаве ў Пецярбургу пачалі хадзіць па руках вершы Міцкевіча “Аляшкевіч” і “Помнік Пятру Вялікаму”, напісаныя ў адказ. У іх паэт абрынуўся на расейскую імперскасць з усёй горыччу літвіна: “Бог зрынуў колісь асірыйскі трон, змяшаў з зямлёю грэшны Вавілон”. Пецярбург ён называў горадам, дзе кіруе сатана.
Пушкін нарадзіўся праз чатыры гады пасля паўстання Касцюшкі, а загінуў паміж яшчэ двума паўстаннямі. Ды і сур’ёзная цікавасць Пушкіна да гісторыі Расіі непазбежна выводзіла яго на “літоўска-польскае” пытанне: з нескаронаю Літвой ён сутыкнецца, калі будзе пісаць “Барыса Гадунова”. Праблема зусім не братэрскіх адносін паміж славянамі паўстане перад ім і падчас працы над паэмай “Палтава”.