Кожнаму з нас патрэбна Маленькая, ціхая гавань, Дзе не мяняюць на срэбра Ні ганьбу тваю, ні славу. Дзе ты жаданы і родны У сонечных промнях ці ў брудзе, Ў старых лахманах ці модны – Усякі прыгожы будзеш. Заўжды там цябе чакае Гарачай гарбаты кубак; Там цені няўдач знікаюць І робіцца светлым смутак. Адтуль, спакоем спавіты, Надзею возьмеш, як ветразь. Прыйшоў ты слабы і разбіты, А пойдзеш – моцны і з верай.