Мікола Ермаловіч.
№ 7, 26.12.1975, Менск
Толькі гутарка ходзіць такая…
Я.Купала
ГУТАРКА
Таму, хто прачнуўся
Дарагі сябра! Ты расплюшчыў ужо свае вочы і правільна глядзіш на свет. Але табе пакуль што страшна, ты сябе адчуваеш адзінокім, слабым і нават непатрэбным. Што ж, зразумела. Заўсёды новае страшыць і выклікае няўпэўненасць. У некаторых з’яўляецца здрадлівая думка: “А навошта мне ісці па невядомай вузенькай сцяжынцы, калі можна падобна многім ісці па бітаму шырокаму гасцінцу”. І няма чаго граху таіць, іншыя, зрабіўшы некалькі крокаў у невядомае, вяртаюцца назад і скіроўваюць на вытаптаны шлях.
Але ты не паддавайся гэтаму настрою, перамагай яго.
Найперш ты павінен заўсёды памятаць, што жывеш на сваёй зямлі, што ніхто іншы, а ты – гаспадар яе. Калі ты ніколі пра гэта не будзеш забывацца, то заўсёды будзеш упэўненым у сваёй справе.
Ведай таксама, што ніхто не прынясе шчасця, дабра і парадку тваёй Радзіме, апроч цябе, і таму бяры лёс сваёй Радзімы ў свае рукі.
Абудзіўся сам – абуджай іншых да свядомага нацыянальнага жыцця. Калі ты хоць аднаго чалавека далучыш да патрыятычнай работы – зробіш вялікую справу. А зрабіць ты можаш куды болей.
Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на Радзіме. Заўсёды вусна і пісьмова ўжывай яе, змагайся за яе. Ведай, што той, хто прапаведуе вырачэнне роднай мовы, сам ад сваёй не толькі не выракаецца, але і навязвае яе яшчэ іншым.
Цвёрда запомні, што выратаванне тваёй Радзімы – у яе волі і незалежнасці. Таму змагаючыся за яе волю і незалежнасць, ты змагаешся за яе будучыню.
Самае найбольшае тваё багацце – Радзіма. Калі ты яго страціш, зробішся і сам жабраком і жабрацтва перадасі ў спадчыну сваім дзецям. Таму ўсё сваё жыццё аддай Радзіме. Кожнай сваёй думкай будзь з ёю, кожнае слова – у абарону яе, кожную сваю справу – на карысць яе Хай кожны крок твой будзе крокам тваёй Радзімы да волі!
У страшэнны час жывеш, у час беспрасветнай начы. Мы кругом абрабаваны. Усё наша ў чужых руках. Усё стала не нашым. Пазбаўленыя ўсяго, бяспраўныя нявольнікі і парабкі бяздушнай казны, мы асуджаны на жабрацкае існаванне. Мы не ведаем, калі скончыцца гэтая жудасная ноч. Ва ўсякім разе прасвету пакуль няма.
Але калі сёння немагчыма яшчэ вызваліць ад ланцугоў свае рукі, то вызваліць свае душы мы можам ужо сёння. Калі сёння нельга вырваць з чужых рук нашы багацці, то няхай нашы сэрцы вызваляюцца ад страху перад пачварнай сілай улады, хай розум наш скідае з сябе ланцугі хлусні, якія аблыталі яго. Няхай жа ў Новым Годзе ўзнікаюць вольныя песні, вольныя думкі і вольныя словы. Вядома, гэта далёка не ўсё, але з такога пачынаецца сапраўдная ВОЛЯ!