Народзе мой! Стагоддзямі твой лёсНе ты, не сам – другія вырашалі.Якой ты долі хочаш – не пыталі,З тв…

Народзе мой! Стагоддзямі твой лёс
Не ты, не сам – другія вырашалі.
Якой ты долі хочаш – не пыталі,
З тваіх крывавых смеючыся слёз.
Тваіх сыноў найлепшых з году ў год,
Як на крыжы Ісуса, распіналі,
На шыбеніцах вешалі, ссылалі
На катаргу – на змор, на грызь сухот.
А ўсе твае прыродныя дары,
Усе багацці-скарбы заграбалі
Сабе – нязваныя гаспадары.
Тваю душу, як грушу, абіралі.
На дом уласны на сваім двары –
Апошнюю надзею адбіралі.
Апошнюю надзею адбіралі, –
Маўляў, канай, бязмоўны і сляпы!
Чыноўнікі, асветнікі, папы –
Адзіным крыкам-хорам горла дралі,
Адно і тое ўсцяж таўклі-малолі,
Даводзячы, што ты – зусім не ты,
Ты – проста выдумка, ты – гук пусты,
Цябе няма і не было ніколі!
Тады й знашоўся, між усіх адных,
Хто не прадаў сумленне за спакусы;
Свабоды рыцар, праўды пабрацім,
Ён гнеўна грымнуў: “Пачакайце, хлусы!
Зарана каркаеце! Паглядзім
Яшчэ, што скажуць самі беларусы!..”
© Ніл Гілевіч


Добрай раніцы!
@mog_drive_chat