Шаўцоў даўно сярод наменклатуры лукашэнкаўскай сістэмы. Сваю “палітычную” кар’еру ён пачаў з дэпутацтва ў Мінгарсавеце у сярэдзіне 2000-х. Сумяшчаў гэтую пасаду з працай у мінскай паліклініцы №34, дзе ўсяго за год мінуў шлях ад загадчыка кабінетам медстатыстыкі да галоўнага ўрача.
У 2011 году Шаўцова абіраюць старшынёй грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя ўрачоў”. Сам ён прызнаваўся, што стаў ім па прапанове аднаго з сваіх былых выкладчыкаў. І вось з гэтага моманту Дзмітрый Шаўцоў у хуткім тэмпе пачаў прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы.
У кастрычніку 2012 года Шаўцова зрабілі дэпутатам Парламента. З гэтага моманту ён актыўна ўдзельнічае ў выбарах. З 2015 года яму давяраюць месца старшыні Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Ён займае яго на выбарах у 2017, 2019 і 2020 гадах.
У верасні 2021-га на з’ездзе Беларускага Чырвонага Крыжа старшыня прэзідыума і па сціплым сумяшчальніцтве намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка вылучае яго кандыдатуру на пасаду генеральнага сакратара БЧК. Яго абіраюць аднагалосна.
Шаўцоў не хавае, што ягоныя сімпатыі на баку ўладаў Расіі і Беларусі. З 2014 года і дагэтуль Шаўцоў узначальвае беларускае аддзялення Міжнароднага грамадскага фонду адзінства праваслаўных народаў.
Пра дзейнасць гэтага фонду ў Беларусі вядома няшмат. У скупых справаздачах згадваецца пра дапамогу ў будаўніцтве некалькіх праваслаўных храмаў у Беларусі і ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу законапраектаў.
Расійскі ж фонд у прэсе называўся «газпромаўскім царкоўным фондам». І па сутнасці, ён адзін з інструментаў “мяккай сілы” па прасоўванні “рускага свету” праз праваслаўе.
Як Шаўцоў кіраваў Беларускім Чырвоным Крыжам і куды накіроўваў яго бюджэт вы можаце падрабязна прачытаць у нашым апошнім расследаванні.