КАМУ ГАРЫЦЬ, КАМУ ПАДГАРАЕ (навіны з Крысагонаўкі)Ой, даражэнькія мае, што на нашай Гар…

КАМУ ГАРЫЦЬ, КАМУ ПАДГАРАЕ
(навіны з Крысагонаўкі)

Ой, даражэнькія мае, што на нашай Гарадзеншчыне робіцца! Пажар за пажарам! Пры чым, цікаўна, менавіта ШТО гарыць.
-Прычэпы з вуллямі на квітнеючым лузе, каб гаспадар не меў магчымасці выкачаць мёд і зарабіць дзе-якую капейку на пражыццё.
-Аблаштаваную прыстройку да старой вясковай хацінкі, куды гаспадары час ад часу наведваліся, каб давесці да ладу бацькоўскі агарод і проста адпачыць ад гарадской мітусні.
-А ў Лідзе на вуліцы амаль ушчэнт спаленая машына… цікаўна, чыя?
І прычыны ўсіх узгаранняў такія разнастайныя…
Нашыя бабкі ў вёсцы схамянуліся і так узбудзіліся – куды тым следчым супраць іхняй логікі! Накідалі столькі версій, адкуль толькі што бярэцца.
Напрыклад, кажуць, вуллі падпалілі. Дзіўна, што не аштрафавали ўласніка прычэпаў за тое, што не ўсталяваў на іх грамаадводы, каб увогуле – крый божа! – маланка не дзюбанула па тых вуллях.
Ці вось машына. Бабкі нашыя зроду за рулём не сядзелі, але ж датумкалі: як у машыны, што проста стаяла на вуліцы, раптоўна трапілася «кароткае замыканне», з чаго яна як бы загарэлася. Э? Тым больш, пад крэслам вадзіцеля? І смех, і грэх…
А тут яшчэ й бабка Васіліса адарвалася нарэшце ад камп’ютэра – дзякуй унуку, навучыў у кнопкі тыцаць! – ды падкінула жару чарговай навіною, што ў Слоніме кіраўніцтва па надзвычайных сітуацыях на пярэдадні свайго прафесійнага свята абвясціла вучэнні, ды не дзе-небудзь, а на кардонна-папяровым камбінаце «Альберцін», можна сказаць, флагмане слонімскай прамысловасці! Прыдумалі там своё звычайнае «кароткае замыканне», штосьці падпалілі, нарабілі дыму, потым тэрмінова прымчаліся мужныя вогнеборцы і хуценька залілі тое «узгаранне».
Дарэчы, усялякія вучэнні – любімая забава «прэзыдэнта ўласнага шпіца». Асабліва на працягу вайны. То армію ганяе туды-сюды па палях, то памежнікі цягаюць мігрантаў да польскай і літоўскай мяжы і панукаюць іх штурмаваць кардоны Еўразвяза і прарывацца ў чужыя краіны, то вось пажарным то там, то тут спакою няма…
Праўду кажуць людзі, што Картапляны Клубень і ягоныя ябацькі зусім з глузду з’ехалі. А то й не дзіва, бо ў першую чаргу падгарае ім самім.
Штодзённа падгараюць крэслы пад чыноўніцкімі дупамі ад страху, што Украіна сапраўды адолее расійцаў і пагоніць іх аж да крамлёўскай плошчы.
Падгарае думка аб тым, што каліноўцы, загартаваныя ў баях, павернуцца да Беларусі, што большасць беларускай арміі паверне зброю супраць гвалтаўнікоў і катаў нашае волі, рашуча выказанай у 2020-м годзе.
А вось нам не падгарае, бо мы – сапраўдныя беларусы. Жывем на ўласнай зямлі, размаўляем на роднай мове, ва ўласнай краіне з назвай Беларусь. Чужога не прагнем і свайго не аддамо. А той краіны, у якую намагаюцца загнаць нас двое асатанелых пенсіянераў і якую ў народзе празвалі «Лукапуція», нам на дух не патрэбна. Бо вельмі яно смярдзіць людскою крывёю. Наслухаліся і наглядзеліся на такую «братэрскую» любоў!

Жыхары вёскі Крысагонаўка,
што над Нёманам.