Масква лічыла, што Беларусі ўжо канец, што беларуская нацыя памерла і толькі дажывае фізічна. КГБ тым часам рабіў пэрспэктыўны аналіз і ажыцьцяўляў прэвентыўныя меры. Дзесьці ў сярэдзіне 1970-х гг. На адкрытых партыйных сходах розных «ідэалягічных» арганізацыяў выступаў зь лекцыямі адзін палкоўнік КГБ, які казаў пра падрыўную дзейнасьць заходніх ідэалёгіяў і даверліва, паўканфэдыцыяльна паведамляў прысутным, што ў Беларусі, і найбольш у Менску, зьявіліся беларускія фашысты. Прыкметы: гэта маладыя людзі, галовы паголеныя, у ботах і галіфэ, гавораць па-беларуску, сьпяваюць беларускія народныя песьні. Але гэта, маўляў, камуфляж, за народнымі песьнямі схаваны фашызм. Далей паведамлялася нібыта пра «факты» фашысцкіх зборак і правакацыяў.
Інфармацыя гэбіста была выдумкай, несусьветным глупствам, такіх групаў моладзі ў сярэдзіне 70-х гадоў у Беларусі не існавала. Аднак савецкі абывацель, праслухаўшы лекцыю «спэцыяліста» ўжо падазрона вастрыў слых і азіраўся на вуліцах, шукаючы «фашыстаў». Прэвентыўны разьлік палкоўніка быў прадбачлівым. Абывацель знайшоў ягоных «фашыстаў» праз 10 гадоў, калі ў 80-х зьявіліся беларускія культурніцкія моладзевыя суполкі і пачалі сьпяваць беларускія народныя песьні. Тады на сьвята Купальле ноччу ў полі міліцыя нападала на іх з сабакамі пры выкарыстаньні гелікоптэра, а кагэбоўскім нападам на школьніцкае сьвята «Гуканьне вясны» (якое адбылося 20 красавіка 1986 года ў цэнтры Менска ў Траецкім прадмесьці) кіравалі ЦК ЛКСМБ і Менскі гаркам КПБ КПСС.
Гэтак савецкі КГБ пачынаў выкарыстоўваць новыя, толькі што засвоеныя «тэхналёгіі» ў пэрманэнтнай антыбеларускай вайне. Беларускі Народны Фронт яшчэ не зьявіўся, а ярлык «фашыстаў» яму ўжо рыхтавалі за 10 гадоў да зьяўленьня. Прытым тады гэта рабілася, відаць, так, на ўсялякі выпадак, для «прафілактыкі». Беларускі народ (па расейскай лёгіцы) мусіў быў заставацца трупам і нізавошта не павінен быў падняцца, нават адчыніць напалову вейкі вачэй. Але ён падняўся.