«У беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя цяперашні чытач, адукаваны на савецка-маскоўскіх міфах, можа спаткаць для сябе нават зусім не зразумелыя рэчы, калі Дунін-Марцінкевіч, напрыклад, які падарожнічаў зь Менску ў Барысаў (у сваты езьдзіў), з захапленьнем пісаў, як ён, «жывучы сярод ліцьвінаў (гэта значыць, у Менску – З.П.) палюбіў беларусінаў» (гэта значыць барысаўскіх людзей). Па паняцьцях Марцінкевіча і ягонага асяроддзя, Менск – гэта Літва, а Барысаў – Беларусь. Але існаваў адзіны народ, адна мова, адна гісторыя.
Цікава, што царскі ўрад і імпэрскія ідэолагі чуйна ўлавілі новую нацыянальную тэндэнцыю… У 1840 годзе рашэньнем расейскага Сената было забаронена ўжываць назоў «Беларусь». Гэты ж указ па духу сваім спрычыніўся і да забароны беларускай мовы. Але спыніць беларускае нацыянальнае разьвіцьцё царызму ўжо не ўдалося»