Пачатак савецка-нямецкай вайны 22 чэрвеня 1941 года змяніў лёс усіх жыхароў Беларусі. Амаль кожная …

Пачатак савецка-нямецкай вайны 22 чэрвеня 1941 года змяніў лёс усіх жыхароў Беларусі. Амаль кожная сям’я перажыла трагедыю згубы блізкіх, у многіх былі паламаныя лёсы. Яўрэяў і ромаў нацысты ад пачатку выраклі на знішчэнне.

Напад нацысцкай Нямеччыны на Савецкі саюз прыйшоўся на нядзелю. У гэты дзень у Менску гарадской падзеяй павінна было стаць адкрыццё Камсамольскага возера. Чуткі пра магчымую вайну хадзілі яшчэ раней, але мала хто верыў у яе. Адзін са сведкаў згадваў: “Мы, вядома, чулі, што можа быць вайна, але савецкая прапаганда казала, што калі будзе вайна, яна будзе на іншай, чужой тэрыторыі і малой крывёй. Усё адбылося зусім наадварот… падзеі развіваліся з дзіўнай хуткасцю, але яны былі настолькі незвычайныя, што запомніўся колер неба, надвор’е, цудоўнае чэрвеньскае надвор’е”.

Людзі спрабавалі першыя дзень-два жыць ранейшым жыццём – працаваць, вучыцца, але затым пачаліся бамбёжкі. І людзям стала страшна.

Дзесьці 25 чэрвеня прыйшло разуменне, што трэба спрабаваць выбірацца. Людзі спантанна беглі з памежных з вайсковымі дзеяннямі раёнаў у пошуках ратавання кідалі сваю маёмасць, без гарантыі захаванасці. Дарогі былі перапоўненыя людзьмі. Шансы былі толькі ў тых, хто паспеў паехаць на цягніках.

Эвакуацыя не была афіцыйнай. Дапамогі ад савецкай улады, якая была ў разгубленасці, большасць не дачакалася.

З Заходняй Беларусі нават не паспелі зрабіць мабілізацыю, з Усходняй – частку мужчын адправілі ў войска. У тыл на неакупаваныя часткі СССР часткова змаглі адправіць патрэбныя кадры рабочых вывозімых прадпрыемстваў, сем’і камандзіраў Чырвонай арміі, афіцэраў дзяржбяспекі, работнікаў партыйнага апарата, дзяцей да 15 год.

Тыя, хто бег са сталіцы, пайшлі па Магілёўскай шашы, але праз пару дзён уцекачоў абагналі нямецкія войскі. І людзі вярнуліся назад, бо не ведалі, што іх чакае ў гэтай вайне. Думалі, што Чырвоная армія хутка пераможа, аднак вайна на беларускай тэрыторыі зацягнулася на доўгія тры гады.

На здымку Чырвоны касцёл у Менску на кадрах хронікі часоў вайны