Літоўскі Цэнтр права і дэмакратыі JusticeHub падрыхтаваў справаздачу «Права на справядлівае судовае разбіральніцтва ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года». Паралельна вядзецца крымінальны працэс аб злачынствах супраць чалавечнасці, і на сённяшні дзень у адмысловай базе каля 200 беларускіх суддзяў, якія могуць быць асуджаныя на падставе прынцыпу міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі. Чаго чакаць беларускім суддзям і як гэта дапаможа іх ахвярам – абмяркоўваем з кіраўніком JusticeHub Дайнюсам Жалімасам.
Эксперты JusticeHub выявілі наступныя парушэнні беларускіх судоў:
беларускія суддзі не выконваюць прынцып незалежнасці і бесстароннасці;
адсутнасць выканання працэсуальных правоў і права на справядлівы суд;
адсутнасць рэальнай і эфектыўнай магчымасці аспрэчыць рашэнні суда першай інстанцыі;
парушэнне права на публічнае паседжанне;
адсутнасць роўнасці бакоў.
«Міжнародная ўніверсальная юрысдыкцыя – гэта прадугледжаная заканадаўствамі розных краін магчымасць падаваць, прымаць заявы і расследаваць крымінальныя справы па асабліва цяжкіх міжнародных злачынствах, сярод якіх – генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і вайсковыя злачынствы, без прывязкі да месца і часу здзяйснення гэтага злачынства, грамадзянства адказных і пацярпелых. Калі казаць пра Беларусь, то тут мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасці».