Сяброўкі і сябры! Мы працягваем серыю кароткіх інтэрв’ю з арганізатар_камі пастаянных клубаў і іншых…

Сяброўкі і сябры! Мы працягваем серыю кароткіх інтэрв’ю з арганізатар_камі пастаянных клубаў і іншых івэнтаў у «Кропцы». Мы шчыра верым, што досвед такіх жа людзей, як і мы самі, можа натхніць мацней за ўсё!

Сустракайце нашу сённяшнюю гераіню — Кацярыну, філолага-беларусістку, выкладчыцу моўных курсаў «Мова Нанова».

– Кася, як узнікла ідэя рабіць моўныя курсы ў Тбілісі?
Ідэя стварэння курсаў «Мова Нанова» ў Тбілісі належыць абсалютна не мне. Мінулы вядучы папрасіў перахапіць ініцыятыву. І калісьці ў 2014 годзе я дзяўчом хадзіла на такія курсы ў Мінску, а тут ужо сама стала выкладаць. Гэта для мяне вялікі гонар!

– Якую місію ты ставіш перад сабой і сваімі заняткамі?
Курсы існуюць для неакадэмічнага вывучэння беларускай мовы. А мая місія – разбурыць той самы школьны страх вывучаць мову, рабіць розныя практыкаванні і ў рэшце рэшт гаварыць на ёй.

Што цябе матывуе працягваць займацца гэтай дзейнасцю не за грошы?
Спадзяюся, гэта не будзе гучаць занадта ганарліва, але мне прыемна разумець, што мая праца заахвочвае людзей цікавіцца беларускай мовай, як самастойнай і роўнай да іншых моў. Шукаць яе хітрыкі, адметнасці, паглынацца ў некаторыя моўныя аспекты і выпраўляць свае ж памылкі з разуменнем, адкуль яны ўзяліся.

– З якімі цяжкасцямі ты сутыкаешся пры арганізацыі мерапрыемстваў?
Як бы дзіўна не гучала – пошук тэм. Іх так шмат існуе, што ў нейкі момант проста губляешся і ад гэтага, і ад жадання быць актуальнай. Таксама я ўсё шукаю той баланс паміж інфармацыяй для «навічкоў» і фактамі з мовазнаўства, гісторыі для ўжо дасведчаных слухачоў.

– Ці ёсць у цябе нейкая асаблівая гісторыя або момант, якім ты ганарышся?
Ёсць такі дзень, і я праўда лічу яго пакуль найвышэйшым сваім поспехам. Гэта было 13 лістапада, калі мы гаварылі пра дыялекты. У той дзень прыйшло даволі шмат людзей. Ці то з-за тэмы, ці то з-за ўдалай пабудовы ўсёй сустрэчы, я адчула нейкую неверагодную еднасць з аўдыторыяй. Шмат хто пазбыўся сарамлівасці і распавядаў пра свой рэгіён, яго асаблівасці. Як ніколі адчувалася, што мы звязаны любоўю да Беларусі, тугой па ёй і жаданнем вярнуцца дадому. Ва ўспамінах да гэта часу застаецца пачуццё шчымлівай цеплыні да ўсіх прысутных тады.

Бліжэйшая сустрэча курсаў будзе ўжо ў верасні. Сачыце за абвесткамі.