29 верасня адзначаецца Міжнародны дзень распаўсюджвання інфармацыі пра харчовыя адкіды. Памятаеце гэ…

29 верасня адзначаецца Міжнародны дзень распаўсюджвання інфармацыі пра харчовыя адкіды.

Памятаеце гэту гісторыю пра самотны банан у супермаркеце, які трэба забраць з сабой? Дык вось гэта сапраўды слушная парада.

У чым увогуле праблема?

У свеце зараз склалася парадаксальная сітуацыя. Паводле справаздачы ААН «Стан харчовай бяспекі і харчавання ў свеце» (2023) кожны дзясяты чалавек на планеце галадае (каля 735 мільёнаў чалавек). У той жа час штогод выкідваецца каля 1,3 мільярда тон прадуктаў харчавання ва ўсім свеце. Гэта прыкладна 1/3 усёй ежы, якая вырабляецца для спажывання чалавекам.

Плюс жахлівым «бонусам» з’яўляецца тое, што харчовыя адкіды – гэта прыблізна 8-10% сусветных выкідаў парніковых газаў. Пры ўтылізацыі харчовых адкідаў на палігонах генеруецца метан. А гэта непазбежна вядзе да змен клімату.

Што мы можам рабіць на сваім узроўні, каб палепшыць сітуацыю?

набываць толькі тыя прадукты, якія нам неабходныя (спісы пакупак перад паходам у краму нам у дапамогу)
выбіраць не самую прыгожую садавіну і гародніну (той самы самотны банан)
Іх выкідаюць часцей за ўсё, бо яны не падыходзяць пад эстэтычныя стандарты.
творча падыйсці да астаткаў ежы пасля сняданка ці абеду (нешта можна замарозіць, нешта з’есці на вячэру)
кампаставаць харчовыя адкіды, калі ёсць такая магчымасць
падтрымліваць мясцовых вытворцаў
не саромецца забіраць ежу з сабой з рэстарана, калі нам прынеслі занадта вялікую порцыю
падтрымліваць чысціню глебы (напрыклад, правільна ўтылізаваць батарэйкі, лекі і іншыя небяспечныя адкіды)

У «Кропцы» мы заўсёды сочым за тэрмінамі прыдатнасці прадуктаў, сартуем другасную сыравіну разам з вамі і ніколі не выкідаем печыва, якое не з’елі пад час кава-паўзы:)

#карысна_ведаць