Падчас савецкай агрэсіі 13 студзеня 1991 года былі забітыя 14 чалавек, больш за 600 бяззбройных людз…
Падчас савецкай агрэсіі 13 студзеня 1991 года былі забітыя 14 чалавек, больш за 600 бяззбройных людзей былі параненыя, але ж Літва, яднаўшыся і атрымаўшы тады падтрымку ад жыхароў іншых странаў, уваходзячых у СССР, не дала зрынуць законную ўладу і адстаяла сваю незалежнасьць. Гэта быў вопыт яднання, які прынёс хуткую перамогу.Шлях Беларусі нажаль іншы. Нягледзячы на галасы мільенаў беларусаў, што выходзілі на мірныя пратэсты, вялі барацьбу ў прававым полі, партызанілі, падтрымлівалі і падтрымліваюць адзін аднаго, тысяч і тысяч, што аддавалі свае здароўе, свабоду і жыцці за вызваленне краіны ад дыктатуры, мы яшчэ не дасягнулі сваей мэты, наш шлях аказаўся марафонам.
Рэпрэсіі супраць вольных не спыняюцца… Вар’яцкія прысуды за імкненне да свабоды… Катаванні…дзясяткі загінулых… а за кратамі на дадзены момант – 1414 афіцыйна прызнаных палітзняволеных. Рэальныя колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах – у разы вышэй. Па дадзеных праваабарончага цэнтру Вясна, за 2023 год з палітычным пераследам сутыкнуліся не менш за 6 386 чалавек, з якіх амаль 4 500 судзілі па адміністрацыйным справам, беларусы атрымалі 1 822 штрафаў на суму 1 524 492 рублёў ($ 466 тысяч), суды прызначылі 2 005 арыштаў, за кратамі беларусы адбылі мінімум 22 988 содняў (амаль 64 гады на ўсіх). І гэта, яшчэ раз падкрэсліваем, лічбы, якія, змаглі сабраць праваабаронцы, а рэальныя – у разы вышэй… Знішчыныя незалежныя СМІ, НДА. Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Уведзеныя законы, якія робяць законным беззаконне…
Мы зазналі, што такое, калі прабіваецца дно, яшчэ, і яшчэ, і яшчэ і ўжо перасталі гэтаму здзіўляцца.
Мы зазналі, што такое 1937мы год – ў 21м стагоддзі.
Мы зазналі, што такое моц прапаганды.
Мы з болем назіраем за тым, як Расея паступова, крок за крокам, падмінае пад сябе нашую краіну.
Мы зазналі, што ад барацьбы можна стаміцца, што не ўсе вытрымліваюць гэты бясконцы стрэс.
Мы зазналі, што нават сярод аднадумцаў бываюць спрэчкі і раздор і нават прыдумалі гэтай з’яве тэрмін – бульбасрач.Але ж мы і зазналі, што беларус беларусу беларус, што такое, калі салідарнасьць – адчуваецца нават у паветры, што можна вытрымаць усе выпрабавані, катаванні і нават бясконцыя дні за кратамі, калі есьць падтрымка. Што чыстае сумленне і сэрца – нам даражэй, чым мы ўяўлялі раней. Што жыць сваім жыццём для большасьці з нас – гэта не рабіць выгляд што ўсе нармалёва заплюшчыўшы вочы і заціснуўшы вушы, а, калі патрэбна, адстойваць свае каштоўнасьці, свае правы, свой голас, абараняць сваю краіну, нават калі гэта прывядзе за краты ці прывядзе да таго, што прыйдзецца пакінуць родны дом і сваю родную зямлю. Мы сталі па-іншаму глядзець на родную мову і культуру і імкнуцца ўсё больш адраджаць яе. Мы даведаліся, што ў кожным вольным сэрцам беларусе жыве герой. Мы спадзяемся, што тыя з нас, каго ўжо забралі нябёсы, прыглядаюць за намі. Мы адкрылі для сябе, што змагацца можна ня толькі зброяй. Мы больш ніколі не зможам перастаць бачыць у любым сустракаючымся спалучэнні белага і чырвонага колераў Беларусь і надзею на яе вызваленне.
І хочацца верыць, што гэтае адзінства, гэтае пачуццё адзін аднаго, мы зможам захаваць ня гледзячы на ўвесь той трэш, што мы прайшлі і які яшчэ нам выпадзе наперадзе.
Давайце трымацца разам, мілыя, даражэнькія. Словам, думкамі, гумарам, справамі, мовай, традыцыямі, учынкамі – хто як можа… цяжка усім, сэрца кожнага з нас баліць. Але разам – лягчэй. Несьці голас вольнай Беларусі і атрымліваць падтрымку мы можам тады, калі мы ёсьць адзін у аднаго. Беражыце сябе і адзін аднаго, каб жыць, каб дыхаць, каб рухацца, каб аднавіцца, каб стаць мацней, каб ісьці наперад у нашым нялёгкім доўгім шляху, які абавязкова прывядзе нас да перамогі! Каб палітвязні выйшлі на свабоду не таму, што адбылі срок! Каб Беларусь стала вольнай ня толькі ў нашых сэрцах!
Ня дайце знішчыць галоўнае, што мы зазналі ў 20м – што нашая моц – у нашым адзінстве, у нашай салідарнасьці.
Жыве Беларусь! І будзе жыць вечна.