У кдб новая гучная “шпіёнская справа”. Здаецца, абвінавачаных сем, але называюцца толькі тры чалав…
Шпіёны слухалі радыё. Гэта нешта з сямідзесятых? Ці ўвогуле з часоў генацыду беларускага народа?
І гэтыя “шпіёны” з’яўляюцца на тэлебачанні амаль кожны месяц, бо іх шмат у краіне. Амерыканскія, польскія, японскія, шпіёны Ватыкана – нельга забывацца пра Ватыкан! Шпіёны слухаюць сакрэтныя радыёчастоты, перахопліваюць тэлеграмы, крадуць важныя мікраплёнкі з дзяржаўных сейфаў і хаваюць іх у цюбіках ад памады. Шпіёны запісваюць усё, што нашпіёнілі, у маленькія чорныя нататнікі, абавязкова шыфрам, каб ніхто не прачытаў, як у апавяданні Конан-Дойля, ці ўвогуле на ангельскай мове.
Што яны шукаюць? Перадавыя ваенныя распрацоўкі? План харчавання шпіца? Карты, “откуда готовилось нападение”? Сакрэт беларускай стабільнасці? Невядома. Вядома, што ім не шанцуе. Кожны раз яны тэлеграфуюць сваім шпіёнскім куратарам: нічога няма. Тут нічога няма.
Кдбшнікі знаходзяць іх, канешне. Гэта не складана. Ёсць радыё – шпіён! Ёсць чорны нататнік – шпіён! Гаворыць на ангельскай – шпіён! Бачыце, як проста?
Усё гэта было б смешна, каб невінаватыя людзі не атрымлівалі б шалёныя тэрміны, бо луке кожны месяц патрэбны новыя ворагі, а кдбшнікам – новыя пагоны.
Але, спадары пацукі, але. Вы ж ведаеце са шпіёнскіх фільмаў, што самыя галоўныя і небяспечныя варожыя агенты – яны на самым версе? Дзе ніхто ніколі не шукае? Сярод міністраў, генералаў і – вядома ж – асабістых ахоўнікаў? Колькі з іх ужо здрадзілі гаспадару? І калі здрадзяць іншыя? А здрадзяць абавязкова, паглядзіце на братэрскую Венесуэлу. Лука сам акружыў сябе людзьмі без прынцыпаў і без сумлення. Здрада – іх сутнасць. Вашая сутнасць.
Свабоду Мікіту Красько, Андрэю Рэпецію і Вячаславу Бянько!
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!