Святлана Ціханоўская: «Дарагія мае беларусы, ужо тры дні нас не адпускаюць эмоцыі ад падзеяў.
І я вельмі шчаслівая за тых, хто ўжо вельмі хутка абдыме сваіх родных, сяброў, каханых.
Мы памятаем, што за кратамі застаецца яшчэ больш за тысячу палітвязняў. Мы працягваем працаваць над вызваленнем людзей і нашай краіны.
Сёння я хацела б падзякаваць кожнаму і кожнай, хто зрабіў неверагоднае. Разам мы толькі на адной платформе сабралі больш за 250 тысячаў еўра для вызваленых, і зборы працягваюцца.
Шчыры дзякуй валанцёрам і арганізацыям, якія хутка змабілізаваліся, каб прыняць нашых людзей ва Украіне.
І, вядома, дзякуй тым людзям, хто цяпер займаецца пытаннем пераезду нашых палітвязняў у краіны Еўрасаюза і далейшых размяшчэнняў, легалізацыі, псіхалагічнай і фізічнай рэабілітацыі.
Гэтыя дні яшчэ раз даказалі, што беларусы не забыліся, а тым болей не перагарнулі старонку.