​​Чалавек чытае навіны. Чалавек піша ў чаце “я выхожу”. Чалавек выходзіць з дому ў апошні раз.Пяць г…

​​Чалавек чытае навіны. Чалавек піша ў чаце “я выхожу”. Чалавек выходзіць з дому ў апошні раз.

Пяць гадоў таму загінуў Раман Бандарэнка.  Забіты толькі за тое, што быў годным беларусам. Боль і гора аб’ядналі тады краіну ці не мацней за прагу да свабоды. Мы не толькі мелі агульную мару – мы неслі агульны цяжкі груз.

Легенда стварала сама сябе: і месца сімвалічнае, і апошнія словы, і бел-чырвона-белыя стужкі, і нават забойцы – не нейкія безыменныя мянты, а давераныя слугі лукашэнкі. Але ў цэнтры легенды заставаўся чалавек – малады, таленавіты, смелы. Раман. Незнаёмыя людзі плакалі разам на Плошчы Перамен, мы запальвалі свечкі і лампады, і хтосьці крыкнуў “не забудзем, не даруем”. Так нарадзіўся новы пратэсны лозунг – не проста трапная крычалка, але словы, якія маюць сэнс для кожнага, хто іх прамаўляе. Як і словы “я выхожу”.

Сёння забойцы не ўбачаць побач ні натоўпу, ні свечак, ні стужачак. Але яны добра памятаюць тыя словы, памятаюць іх сэнс. Не будзе вяртання ў 2019 год, перагорнутых старонак, прымірэння. Бо ніхто не забыўся і ніхто не дараваў.

Чалавек выходзіць з дому ў апошні раз. Ён ніколі не вернецца, і гэта ніяк не выправіць: ні помнікамі, ні вуліцамі яго імя, ні правільнымі падручнікамі гісторыі. Але аднойчы тысячы людзей змогуць зачыніць за сабой дзверы і сказаць “я дома”. І тысячы людзей нарэшце адчуюць свой дом бяспечным. І тысячы людзей прачнуцца, ведаючы, што злачынствы спыніліся і злачынцы панеслі адказнасць. У гэты дзень мы зноў запалім свечы ў памяць і ў гонар Рамана.

Вечная памяць герою!
Жыве Беларусь!