Да Ночы расстраляных паэтаў Зміцер Дашкевіч апублікаваў верш, напісаны ім сёлета ў траўні ў ШІЗА кал…

Да Ночы расстраляных паэтаў Зміцер Дашкевіч апублікаваў верш, напісаны ім сёлета ў траўні ў ШІЗА калоніі №14 у Навасадах.

Слова

У час бядотны роспачы і болю
Ты Слова выракся, Камень, Пятро,
Хоць перад тым і прысягаў сабою,
Што за Яго ты пакладзеш нутро.

Так слова роднага ты зрокся, беларусе,
Калі сусед на крыж яго павёў,
Хоць галасіў табе прарок у скрусе:
“Ня кідай слова, каб ты сам ня ўмёр!”

Калі ж царова служка прашыпела:
“Гаворка выдае цябе твая!”,
Ня доўга думаўшы, ты плюнуў у неба:
“Язык колхозный, он не для меня!”

А потым ты зірнуў у вочы Бога
І сам жахнуўся: што ж ты нарабіў,
Калі ад Слова выракся жывога –
І акупант к крыжу Яго прыбіў!..

Ды роднае ня кінуў Тата Слова –
Яго з магілы Творца ўваскрасіў,
Каб ажылі ў ім душа і мова,
Каб ты, народ, заўжды ў Слове жыў!

І сёньня Слова кожнага пытае:
“Пятро, мой брат, ці любіш ты мяне?!”
Што ты адкажаш – гэта я ня знаю…
Пятро ж заплакаў: “Я люблю цябе!”