На працягу сямі дзён мы ўзгадваем рэпрэсаваных паэтаў.Валеры Маракоў Б’ецца вецер над далінай,Бор …
Валеры Маракоў
Б’ецца вецер над далінай,
Бор стары шуміць тугой,
Залатую шапку скінуў
Гай асенні на загон.
Рэчка буйнай хваляй звоніць,
Устае асенні дзень…
Я пайду, пайду сягоння
На прасторы паглядзець.
Там, я знаю, па-над шляхам
Коньмі выбітай зямлі,
Што мяне абніме сцягам
Хмар асенніх прагны ліст.
Але што мне восень… Хмары
І пажоўклы сонны гай —
Б’юць у сэрцы хваляй мары,
І бяжыць… бяжыць туга.
Да шырокіх вольных гоняў
Песня б’е руччом з грудзей.
Дык пайду, пайду сягоння
На прасторы паглядзець!
1925 г
Масавае забойства прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі 29 кастрычніка 1937 г – адно з самых страшных злачынстваў у гісторыі, здзейсненых супраць нас. Знішчыць не народ, а душу народа, адарваць яе ад цела, закатаваць, пахаваць у лесе і забыць – у гэтым быў план.
Але душа – яна на тое і душа, што несмяротная. І кожны верш, і кожная кніга, і кожная карціна, і кожная песня, што ствараюць і будуць ствараць беларусы, нясуць у сабе душу. Яна адчула шмат гора, бачыла вялікае зло, і памятае ўсё, але жыве. А значыць, жыве і Беларусь.