Як мы даведаліся пра Курапаты?У 1937 годзе жыхары вёскі Цна нават не здагадваліся, што адбываецца по…
У 1937 годзе жыхары вёскі Цна нават не здагадваліся, што адбываецца побач. Спачатку яны чулі стрэлы тры разы на дзень – раніцай, удзень і ўвечары. Але хутка вакол месца, адкуль даносіліся гукі, з’явіўся трохметровы плот, і стрэлы пачалі гучаць ноччу без перапынку. Самыя адважныя залазілі праз плот і бачылі жудаснае – у лесе расстрэльвалі людзей. Амаль паўстагоддзя яны маўчалі, бо за праўду самі маглі апынуцца за плотам.
Упершыню пра Курапаты пачалі гаварыць яшчэ ў 1957 годзе, калі будавалі кальцавую дарогу вакол Мінска. Будаўнікі выпадкова натрапілі на чалавечыя косткі і чарапы з дзіркамі ад куль. Але ўлады загадалі забыцца пра знаходку. І толькі праз трыццаць гадоў праўда выйшла на паверхню.
3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’явіўся артыкул «Курапаты – дарога смерці», які напісалі Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў. Рэдактар Анатоль Вярцінскі рызыкнуў надрукаваць яго без зменаў, хоць цэнзура ўсё яшчэ дзейнічала, а КДБ пільна сачыў за ўсім. Васіль Быкаў напісаў прадмову – і артыкул стаў сапраўдным выбухам. Так людзі даведаліся, дзе пахаваныя іх родныя, што зніклі ў 30-я гады. Газету перапісвалі, перадавалі адно аднаму, увесь 50-тысячны тыраж раскупілі імгненна.
Было распачата следства. Улетку 1988 года пачаліся афіцыйныя раскопкі, якія выявілі масавыя захаванні. Экспертыза пацвердзіла: у Курапатах з 1937 па 1941 год расстралялі не менш як трыццаць тысяч чалавек. Але Зянон Пазняк сцвярджаў пра 220-250 тысяч забітых – вялікую частку магіл знішчылі падчас будаўніцтва МКАД.
У кастрычніку 1988 у Курапатах адбыўся вялікі марш і мітынг, куды прыйшло каля дзесяці тысяч людзей. Упершыню ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг і загучалі словы пра свабоду. Менавіта Курапаты сталі сімвалам нацыянальнага адраджэння і памяці пра тых, каго савецкая сістэма спрабавала сцерці з гісторыі.