На працягу сямі дзён мы ўзгадваем рэпрэсаваных паэтаў.Міхась Чарот – ВечарамХавае змрок у небе хмары…

На працягу сямі дзён мы ўзгадваем рэпрэсаваных паэтаў.

Міхась Чарот – Вечарам

Хавае змрок у небе хмары.
Агонь ён паліць вечных зор;
Глядзіцца месяц у выгары,
Дзе не змаўкае жабаў хор.

Не хіліць вецер куст ракіты,
Не свішча сумна, як удзень…
На гай, на поле і на хаты
Спаўзае ночы лёгкі цень.

Туман бялее над балотам,
Дзяргач завёў траскучы спеў,
Жукі лятаюць па-над плотам,
Жывёла йдзе з пагону ў хлеў…

Ідуць ад працы ў вёску людзі,
Дзяўчаты, хлопцы, мужыкі,
І гукі песні роднай льюцца,
Як хвалі быстрай той ракі…

Змаўкае спеў… Вось ночы ціша
Нясе ўсяму святы спакой…
А сэрца доўга мне калыша
Твой сумны спеў, край родны мой.

1920 г

Вечар прыгожы і спакойны, але ж спеў сумны. Няхай хутчэй надыдзе час, калі беларусы не будуць кожную хвіліну адчуваць той адвечны сум.

Жыве памяць!
Жыве Беларусь!