14 жніўня 1385 года была падпісаная Крэўская унія паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літ…
Што прывяло да уніі? Пасля смерці караля Людовіка Венгерскага ў 1382 годзе Польшча апынулася ў крызісе: краіна страціла частку тэрыторый, была пад пагрозай нямецкай экспансіі і не мела моцнага кіраўніка. Каралевай стала маладая Ядвіга, якой было ўсяго трынаццаць гадоў. ВКЛ таксама пагражалі – крыжакі і маскоўскія князі.
Так і з’явілася ідэя ўзаемавыгаднай уніі, паводле якой Ягайла мусіў ажаніцца на Ядвізе і стаць каралём Польшчы. Узамен ён абяцаў прыняць хрысціянства каталіцкага абраду, ахрысціць сваіх падданых і вызваліць палонных хрысціян.
Крэўская унія не аб’ядноўвала дзве дзяржавы ў адну. Дзве дзяржавы былі пад кіраўніцтвам аднаго манарха, але пры гэтым яны мелі свае законы і войска. Праўда, у дамове было шмат няпэўных фармулёвак, і ўжо тады не ўсе былі задаволеныя – шляхта ВКЛ баялася страты незалежнасці.
Пасля падпісання уніі Ягайла жыў у Польшчы, а справамі ВКЛ займаўся ягоны брат Скіргайла. Гэта прыводзіла да супярэчак і канфліктаў, таму ў 1392 годзе было падпісанае Востраўскае пагадненне, якое вызначыла, хто кіруе ВКЛ. Вялікім князем стаў Вітаўт, а Ягайла застаўся каралём Польшчы – пры гэтым Вітаўт прызнаваў яго «сюзерэнам».
Кропкі над ї расставіла Віленска-Радамская унія (1401), па якой Вітаўт быў кіраўніком ВКЛ, Ягайла – Польшчы, а іхнія дзяржавы мелі палітычны і ваенны саюз (але не з’яўляліся адзінай дзяржавай).