І нашая гісторыя магла б пайсці зусім іншым шляхам. Але…
Гадзяцкая унія была падпісаная 16 верасня 1658 года паміж Рэччу Паспалітай і Гетманшчынай па ініцыятыве гетмана Івана Выгоўскага, пераемніка Багдана Хмяльніцкага. Унія прадугледжвала пераўтварэнне Рэчы Паспалітай у федэрацыю з трох роўных частак: Польшчы, Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Рускага – украінскай дзяржавы.
Украіна атрымлівала статус асобнай дзяржавы з уласным гетманам, войскам, урадам і праваслаўнай царквой. Справаводства павінна было весціся на ўкраінскай мове, а ў Кіеве меркавалі адкрыць манетны двор. Па дамове, Украіна мела б 30 000 казакоў і 10 000 наймітаў, войска Рэчы Паспалітай не магло знаходзіцца на яе тэрыторыі. Правы казакоў і праваслаўных гарантаваліся, планавалася стварэнне новых школаў і акадэміяў.
Але ў гэтых умовах быў канфлікт. Каталіцкая эліта Рэчы Паспалітай была незадаволеная тым, што праваслаўных ураўняюць у правах з каталікамі. Былі і іншыя прэтэнзіі да тэксту уніі. Таму канчатковая версія пагаднення, ратыфікаванага сеймам, істотна адрознівалася: скасаванне Брэсцкай уніі не было зацверджанае, тэрмін «Вялікае княства Рускае» не згадваўся, а гетман не меў права прымаць замежныя пасольствы. Рэестр казацкага войска пакідаў 30 000 чалавек, гетман абіраўся з 4 кандыдатаў і зацвярджаўся каралём.
Гэты варыянт выклікаў расчараванне ў казакоў. Замест фактычнай незалежнасці Украіна стала часткай Рэчы Паспалітай. Казакі страцілі магчымасць самастойна абіраць гетмана, а шляхецтва атрымала толькі частка эліты, што адарвала яе ад шараговых казацкіх масаў.
Масква, якая пасля Пераяслаўскай Рады 1654 лічыла Гетманшчыну сваім пратэктаратам, не прызнала дамову і пачала вайну. У кастрычніку 1659 года Выгоўскі сышоў у адстаўку. У 1660 годзе войскі Рэчы Паспалітай нанеслі паразу маскве і занялі Вільню, а ўжо ў 1667 годзе была падпісаная Андрусаўская дамова.
Правабярэжная Украіна засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, Левабярэжная Украіна была захопленая масквой, а казацкая аўтаномія паступова згасла. На жаль, гэта была тая паваротная кропка гісторыі, за якой пайшлі ўзмацненне масковіі і пераўтварэнне ў імперыю – адначасова з заняпадам і знішчэннем Рэчы Паспалітай.