​​Чатыры гады таму быў забіты Вітольд Ашурак. Учора мы даведаліся пра забойства Валянціна Штэрмера. …

​​Чатыры гады таму быў забіты Вітольд Ашурак. Учора мы даведаліся пра забойства Валянціна Штэрмера. У той жа калоніі.

Мы дакладна ведаем пра 8 палітвязняў, што загінулі за кратамі. Колькі іх было рэальна – даведаемся ў будучыні. Чалавечыя трагедыі ператвараюцца ў статыстыку.

Кажуць, сёння трэба ўзгадваць людзей у турмах, але гэта дарэмная парада. Іх не ўзгадваюць час ад часу, яны заўсёды побач. Нават у самы сонечны дзень гэты цяжкі халодны цень побач з намі. Кожны дзень – гэта дзень палітвязня.

Але ўчора з’явілася яшчэ адна навіна: у архівах знайшлося імя чэкіста, які катаваў Міхася Чарота. Чэкіста потым таксама рэпрэсавалі. Не тое каб яго імя хацелася запомніць. Не тое каб яго лёс быў нечым незвычайным: усе дыктатуры трымаюцца на страху, і каты таксама павінны баяцца і чакаць, калі па іх прыйдуць новыя каты. Проста факт: мы ведаем яшчэ аднаго з іх. Папера добра гарыць, яна ўвогуле даволі далікатны матэрыял. Але адзін пэўны дакумент захаваўся. Каб мы ведалі.

Мы даведаемся імёны кожнага. Кожнага ката і кожнай ахвяры. Ахвяр мы будзем памятаць, катаў забудзем адразу пасля справядлівага суда і прысуду. Каты знікнуць з гісторыі, зліюцца з шэрымі сценамі камер. А людзі будуць жыць жыццё.

Сёння ўзгадвалі апошні верш Чарота, той, што ён пакінуў на сцяне камеры. А мы ўзгадаем верш Барадуліна. Не з тых вершаў, што дзеці вучаць у школе, але ў ім уся сённяшняя Беларусь.

Вязні — як вузялкі
На вяроўцы пакуты.
Не парвецца ў ратужнай вяроўкі
Цярпенне.
Будуць небам
Нявінныя стогны пачуты.
Душы праведных
Знойдуць сцяжыну збавення.

Шыю катаву,
Як маладая каханка,
Абаўе непаслабна
Вяроўка старая.
Стануць цені ахвяраў
Ля вечнага ганка.
Хто нявінных гняце,
Тога Бог пакарае.

Стогны вязняў
Да сэрца прымае цямніца.
Ды ў няволі каменнай
Каменная воля.
Стогну вязняў
I здрада, і ўлада баіцца.
Ў нетутэйшага дрэва
Згінаецца голле.

Свабоду вязням!
Жыве Беларусь!