Ці пражыло чалавецтва хоць дзень без вайны за сваю гісторыю? Наўрад ці. Але другая сусветная была не такая, як іншыя войны. Мільёны загінулых, разбураныя ўшчэнт гарады. Упершыню была ўжыта ядзерная зброя – вялікае дасягненне навукі ператварылася ў вялікую пагрозу для ўсёй планеты.
Нацыстаў судзілі ў Нюрнбергу. Тых, хто збег, метадычна потым шукаў Масад. Германія афіцыйна пакаялася і панесла адказнасць, і зараз немцы – ці не самыя шчырыя з тых, хто паўтарае “ніколі зноў”. Так было не заўсёды, пасля вайны дастаткова паважаных грамадзян за півам згадвалі гітлера як добрага кіраўніка. Але на дзяржаўным узроўні такія погляды ганіліся, а новыя пакаленні ўжо гадаваліся з пагардай да нацызму.
Саветам не давялося каяцца, іх не судзілі, іх злачынствы працягваліся і пасля вайны, а доказы ўсё яшчэ схаваныя ў закрытых архівах. Так выйшла, што партнёры гітлера па падзелу Польшчы зрабіліся ў працэсе вайны спачатку яго праціўнікамі, а потым – аднымі з пераможцаў. А хто ж судзіць пераможцаў. Пераможцам – павага. Пераможцам – медалі. Пераможцам – парады, і дзеткі ў форме, і крымінальныя справы для тых, хто прыкурыў ад вечнага агню.
“Ніколі зноў” не каштуе нічога, калі гэта проста словы. Калі гісторыю не ведаюць і не памятаюць. Калі ганебныя старонкі яе проста не згадваюць, прыдумляюць герояў, якіх не было, а са злодзеяў таксама лепяць герояў. Гісторыя жорстка помсціць усяму чалавецтву, калі нехта імкнецца замкнуць яе ў архівах.
І сёння мы кажам не “ніколі зноў”, а “трэба памятаць”. Памятаць і подзвігі, і злачынствы, і ахвяр, і гарады, разбураныя “вызваліцелямі”, і вёскі, спаленыя не нацыстамі. Памяць – добрая прышчэпка ад зла. І новы Нюрнберг, вядома ж.
Мы памятаем.
Жыве Беларусь!