Стэфан Баторый нарадзіўся ў 1533 годзе ў замку Шамлё ў шляхецкай сям’і. Баторый атрымаў добрую адукацыю і ў 1571 годзе стаў князем Трансільваніі, здолеўшы ўтрымаць яе незалежнасць паміж Асманскай імперыяй і Габсбургамі. Гэты поспех у балансаванні і прыцягнуў увагу шляхты Рэчы Паспалітай, якая шукала новага караля. Дарэчы, сярод кандыдатаў быў і маскоўскі цар Іван Жахлівы.
1 траўня 1576 года Баторый пабраўся шлюбам з Ганнай Ягелонкай і стаў каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім. Ад самага пачатку свайго кіравання Стэфан Баторый паказаў сябе актыўным манархам. Ён падтрымліваў судзебныя рэформы, умацоўваў войска і спрабаваў праводзіць унутраную палітыку так, каб яна змяншала супярэчнасці паміж каталікамі і пратэстантамі.
Асаблівую вядомасць Стэфан Баторый атрымаў дзякуючы сваім ваенным поспехам. Ён правёў некалькі паспяховых паходаў супраць масквы, што ўрэшце прывяло да падпісання Ям-Запольскага міру ў 1582 годзе, згодна з якім масква прызнала паражэнне ў 24-гадовай Лівонскай вайне. Гэтыя перамогі значна ўзмацнілі міжнародны аўтарытэт Рэчы Паспалітай і замацавалі яе ўплыў у Балтыцы, а таксама не дазволілі маскве выйсці да Балтыйскага мора.
Унутры краіны Стэфан Баторый імкнуўся праводзіць палітыку, якая б узмацніла каралеўскую ўладу без адкрытага канфлікту з магнатамі і шляхтай. Ён заснаваў Каронны Трыбунал у Польшчы і Літоўскі Трыбунал у ВКЛ – вышэйшую апеляцыйную інстанцыю для шляхты, што стала важным этапам у станаўленні прававой сістэмы дзяржавы. Таксама ён актыўна падтрымліваў развіццё адукацыі: пры ім быў заснаваны Віленскі ўніверсітэт.
Асаблівае месца ў жыцці Баторыя займала Горадня, якую ён абраў сваёй фактычнай рэзідэнцыяй. Баторый любіў Горадню за яе стратэгічнае становішча і спакой у параўнанні з Варшавай. Менавіта тут ён часта збіраў свой двор, тут жа і памёр у 1586 годзе. Горадня пры ім стала адным з галоўных каралеўскіх гарадоў, атрымаўшы асаблівую ўвагу і архітэктурную спадчыну.
Кіраванне Стэфана Баторыя стала перыядам уздыму дзяржавы як у ваенным, так і ў палітычным плане. Ягоныя поспехі на ўсходзе забяспечылі краіне доўгі мірны перыяд, а ўнутраныя рэформы заклалі аснову для далейшага развіцця шляхецкай дэмакратыі. Таму Стэфан Баторый займае пачэснае месца ў гісторыі ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай як моцны і здольны кіраўнік.