Ашмянская разня: трагічны эпізод паўстання 1830-1831 гадоў, пра які не згадвае сучасная ўлада15 крас…

Ашмянская разня: трагічны эпізод паўстання 1830-1831 гадоў, пра які не згадвае сучасная ўлада

15 красавіка 1831 года ў горадзе Ашмяны адбылася адна з найтрагічнейшых падзеяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі падчас паўстання 1830-1831 гадоў. Паўстанне, арганізаванае беларускімі, польскімі і літоўскімі шляхецкімі коламі, мела на мэце аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, страчанай у выніку яе падзелаў паміж расійскай імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй. У ім актыўны ўдзел прымала і частка жыхароў беларускіх земляў, асабліва шляхта і студэнцтва. У красавіку 1831 года паўстанне актывізавалася на Віленшчыне, дзе з пачатку месяца фармаваліся мясцовыя атрады.

Ашмяны сталі адным з цэнтраў паўстання ў рэгіёне. Кароль Дамінік Пшаздзецкі быў абраны камандуючым узброенымі сіламі Ашмянскага павета. Ён першым падпісаў Акт аб павятовым паўстанні. Аднак спакой у горадзе доўжыўся нядоўга. 14 красавіка на подступах да Ашмянаў з’явіліся расійскія карныя войскі пад камандаваннем палкоўніка Вяршыліна.

15 красавіка 1831 года расійскія войскі ўвайшлі ў горад і ўчынілі жорсткую расправу над жыхарамі. Ашмяны былі часткова спаленыя. Паводле сведчанняў і ацэнак, загінула каля 500 чалавек, што складала прыкладна палову насельніцтва горада. Асабліва жахлівы эпізод адбыўся ў дамініканскім касцёле, дзе хаваліся жыхары – у тым ліку жанчыны і дзеці. Расійскія салдаты ўварваліся ў святыню і ўчынілі там расправу, не зважаючы на святасць месца. Каб схаваць сваё злачынства, маскалі знеслі касцёл і пабудавалі на гэтым месцы праваслаўную царкву.

Расійскія ўлады выкарыстоўвалі Ашмянскую разню як сродак запалохвання і прыклад таго, што чакае ўсіх, хто падтрымлівае паўстанне. Разня ў Ашмянах стала не проста актам помсты, але элементам сістэмнага тэрору супраць беларускага і літоўскага насельніцтва.

Расійская і сучасная беларуская ўлада намагаюцца выкрасліць Ашмянскую разню з памяці – пра яе не пішуць і не гавораць, яе не згадваюць на афіцыйных рэсурсах Ашмянаў. Але гэтая трагедыя зʼяўляецца важным гістарычным сведчаннем гвалту з боку імперыі і ахвярнасці беларусаў у барацьбе за самавызначэнне. Ашмянская разня застаецца малавядомай шырокай публіцы, аднак яна заслугоўвае месца ў нацыянальнай памяці.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee