Зварот Святланы Ціханоўскай да гадавіны тэракту на станцыі метро «Кастрычніцкая»«11 красавіка 2011 г…

Зварот Святланы Ціханоўскай да гадавіны тэракту на станцыі метро «Кастрычніцкая»

«11 красавіка 2011 года. Дзень, які адзываецца трывогай і болем у сэрцах кожнага беларуса. 14 гадоў таму ў мінскім метро на адной з найбольш людных станцыяў падчас «гадзіны пік» прагрымеў выбух. Загінулі 15 чалавек, сотні атрымалі раненні, многія – цяжкія.

Мы так і не даведаліся, што насамрэч адбылося. Улады пазбавілі нас магчымасці зразумець, хто вінаваты праз закрытасць і паспешлівасць следчых дзеянняў, а сваякоў ахвяраў – шансу на справядлівае расследаванне.

Рэжым, які хавае праўду, расстрэльвае людзей без празрыстага судовага працэсу і ператварае смерць у інструмент кіравання, не можа быць гарантам бяспекі для грамадзянаў. Гэта тэрарызм з боку ўлады. Менавіта жыццё з’яўляецца галоўнай і бясспрэчнай каштоўнасцю кожнага чалавека.

Гэта трагедыя не пра мінулае. Гэта пра тое, што адбываецца з намі і сёння. Бо рэжым працягвае пазбаўляць людзей самага галоўнага – жыцця. Яны хочуць, каб мы забыліся. Каб жах стаў руцінай. Каб трагедыі выцвіталі, як старыя фатаграфіі.

За апошнія 30 гадоў каля 350 чалавек у Беларусі былі расстраляныя. Раней смяротнае пакаранне здавалася чымсьці далёкім, амаль немагчымым для звычайнага чалавека. Аднак з часам рэжым Лукашэнкі моцна пашырыў тлумачэнне тэрарызму і экстрэмізму. Цяпер у спіс тэрарыстаў можна трапіць нават за крытыку ўлады, данат ці каментар у інтэрнэце. Дзяржава, па сутнасці, мае юрыдычнае права вырашаць, хто заслугоўвае жыцця, а хто – не.

Кожны з нас можа зрабіць крок, каб злачынствы не заставаліся проста старонкамі ў гісторыі. Падтрымаць палітвязняў. Падтрымаць тых, хто выйшаў і працягвае змагацца. Нагадваць пра права быць пачутымі – нават у дробязях. Крытыкаваць улады, якія маўчаць, калі трэба гаварыць. Патрабаваць адказнасці. Не згаджацца на меншае.

Бо толькі калі мы ўсе разам пачнём гэты рух – крок за крокам, справа за справай – мы здолеем разбурыць гэты рэжым. І вярнуць у Беларусь тое, што важней за ўсё: праўду, справядлівасць і каштоўнасць жыцця чалавека».