ᅠ
7 красавіка 1983 года спынілася сэрца легендарнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, ахвярнай хрысціянкі, нязломнай патрыёткі, сакратаркі БНР на чужыне і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу.
Куды б ні закідваў лёс паэтку – ці ў далёкую Прагу ўслед за мужам-медыкам, ці ў Комі і Мардву – па цяжкіх лагерных этапах, Ларыса Геніюш заўсёды была душой і думкамі дома, на роднай зямлі, у Беларусі. Як пазней напіша яна ў сваіх успамінах, менавіта гэтыя думкі дапамаглі прайсці праз усе жыццёвыя выпрабаванні, не зламацца і застацца самой сабой, Чалавекам з вялікай літары. Пражыўшы 36 цяжкіх гадоў у СССР, яна так і засталася грамадзянкай БНР, адмовіўшыся прымаць пашпарт Краіны Саветаў.
Такія людзі, як Геніюшы, асабліва Ларыса, якая стала сымбалем любові да Беларусі, былі для савецкай улады злейшымі ворагамі. У 1947 годзе Янку і Ларысу арыштавалі, пазбавілі чэхаславацкага грамадзянства і выслалі ў Савецкі Саюз.
У мінскіх турмах таленавітую паэтку дапытваў асабіста міністр дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. А потым былі 8 гадоў лагераў у Комі і Мардовіі. Вядома, першапачатковы тэрмін быў нашмат большым: муж і жонка Геніюш павінны былі правесці ў лагерах 25 гадоў, але пасля 1956 года ў краіне пачалася «адліга». У 1956 годзе Ларыса разам з мужам вярнуліся ў Зэльву. Тут яны пражылі да самай смерці.
Днямі стала вядома, што пасля патрабаванняў прарасійсіх актывістаў і прапагандыстаў помнік Ларысе Геніюш тайна ўночы знік з тэрыторыі праваслаўнай Свята-Траецкай царквы ў Зэльве.
Не згінай мяне, я не сагнуся
Не згінай мяне, я не сагнуся,
Не баюся ні страхаў, ні зла.
Нездарма я з зямлі беларускай
Непахіснай сасною ўзрасла.
Напрасткі йду няходжанай сцежкаю,
Мудрасць продкаў у гарачай крыві,
Ні прад кім не схіляю паспешна
Крыху гордай сваёй галавы.
Абмінаю ўсю набрыдзь, што вокал,
Чалавечы мой блытае лёс.
Гляджу ўдаль, не маргнуўшы нат вокам.
Розум цемру праніжа наскрозь!
©Ларыса Геніюш