Святлана Ціханоўская – пра Віктара Бабарыку«Убачыць Віктара Бабарыку, як і Марыю Калеснікаву некальк…

Святлана Ціханоўская – пра Віктара Бабарыку

«Убачыць Віктара Бабарыку, як і Марыю Калеснікаву некалькі месяцаў таму, пасля столькіх месяцаў інкамунікада – гэта неймавернае шчасце. Але жахліва разумець: рэжым выкарыстоўвае людзей, якія не павінны былі апынуцца за кратамі, для маніпуляцыяў.

За два гады нам давялося вывучыць жудаснае слова «інкамунікада». Мы адчулі, што такое – цалкам страціць сувязь з блізкім чалавекам за кратамі і не ведаць: ці жывы ён? Ці здаровы? У якім стане знаходзіцца? Праз адсутнасць любой вестачкі ад роднага чалавека ты не можаш нармальна жыць: калі так балюча на волі, страшна ўявіць, што адчуваюць яны там, за кратамі.

Кожны дзень у зняволенні – гэта страта цэлага жыцця, якое адбываецца на волі. Мой муж не бачыць, якімі дарослымі ўжо сталі Карней і Агнія. Сыны Паліны Шарэнды-Панасюк растуць без цяплыні матулінай любові. Ігар Лосік ужо 4,5 гады не бачыць дачку Паўліну… Жыццё спыняецца ў цэлых сем’ях, бо рэжым ахвяруе людзьмі дзеля ўлады.

Пабачыць тых, хто знаходзіўся ў інкамунікада – велізарная палёгка. Але разам з гэтым мы не можам забываць: за кратамі несправядліва застаюцца больш за 1200 палітвязняў.

Спыненне рэжыму інкамунікада – гэта першы крок да таго, каб спыніць той жах, які цяпер адбываецца ў краіне. А наступным павінна быць вызваленне тых, хто апынуўся за кратамі з-за сваіх поглядаў. І спыненне ўсіх палітычных рэпрэсіяў супраць беларусаў».